Журналістку Глафіру Жук асудзілі на 30 сутак арышту

У суботу ў Мінску затрымалі журналістку Глафіру Жук. Увечары ў суботу стала вядома, што яна знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС па адміністрацыйнай справе, далей дзяўчыну даставілі ў ізалятар на Акрэсціна.

zaderzhana_glafira_zhuk._foto_fb.jpg.jpg

4 траўня Глафіра Жук асвятляла для «Народнай волі» суд па «справе студэнтаў». Тады ля будынка суда затрымалі некалькіх чалавек, у тым ліку і журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч. Каспяровіч абвінавацілі ў несанкцыянаванай акцыі і асудзілі на 15 сутак арышту.
У мінулую суботу, 29 траўня, Любоў Каспяровіч з Акрэсціна выйшла, а Глафіру Жук затрымалі акурат у гэты дзень.
Сёння журналістцы спаўняецца 20 гадоў. І сёння ж суд Маскоўскага раёна разглядаў справу супраць яе — дзяўчыну асудзілі на 30 сутак арышту. Ад суботы Глафіра знаходзіцца на Акрэсціна.
Увосень Глафіру ўжо судзілі па артыкуле 23.34 КаАП.