У Мінску асудзілі арганізатараў Дня Волі
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска распачаўся суд над арганізатарамі святкавання Дня Волі 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы.
Юрася Губарэвіча, Вольгу Кавалькову і Мікалая Казлова судзяць за "невыкананне абавязкаў арганізатараў" паводле артыкула 23.34 ч.2 КоАП (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Пакаранне па гэтым артыкуле — ад 20 да 40 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.
У Губарэвіча і Казлова суддзя Іван Касцян, у Кавальковай — Юлія Густыр. Ігар Барысаў на суд не прыйшоў.
Нагадаем, арганізатары святкавання Дня Волі-2019 у Мінску палічылі, што міліцыя няякасна выканала паслугі па ахове парадку на акцыі і адмовіліся іх аплачваць, гаворка ідзе пра суму ў памеры 6372 рублёў. Міліцыя дадатковым пагадненнем павялічыла кошт сваіх паслугаў на 100 б.в. у сувязі з тым, што ў акцыі удзельнічала больш за 1000 чалавек.
Арганізатары аспрэчваюць якасць і кошт паслугаў міліцыі у межах Грамадзянскага кодэксу. Яны таксама збіраюцца звяртацца ў суд, паколькі ў дасудовым парадку паразумення з міліцыяй не знайшлі.
Міліцыя ж са свайго боку мала таго, што не адказала сваечасова на прэтэнзію, але яшчэ ініцыявала адміністрацыйную вытворчасць у межах КоАП.
Абвешчаны прысуд: Вользе Кавальковай, Юрасю Губарэвічу і Мікалаю Казлову — штраф па 30 базавых велічынь.