У Мінску затрымалі старшага сына мэра Віцебска. Малодшы нядаўна адсядзеў 13 сутак

У панядзелак, 12 кастрычніка, каля 23.00 у раёне ўніверсама «Рыга» невядомыя ў балаклавах, шлемах і з дубінкамі разбілі шкло ў машыне і затрымалі кіроўцу. Ім аказаўся Вадзімір Заранкін — старшы сын віцебскага мэра Вадзіма Заранкіна. Адзначым, на мінулым тыдні з ІЧУ ў Жодзіне выйшаў яго малодшы сын, Філіп.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Пра машыну з пабітым шклом з боку пасажырскага сядзення TUT.BY паведамілі чытачы. Па іх словах, кіроўцу выцягнулі з аўто, а машына з ключом запальвання засталася на паркоўцы.

Вадзіміру Заранкіну 32 гады, ён працуе ў пасольстве ЗША ў Мінску, займаецца праграмамі па абмене. Пра затрыманне распавёў яго родны брат Філіп: «Брат сядзеў у машыне, якая была прыпаркаваная на верхняй стаянцы каля крамы «Рыга» (з боку вуліцы Леаніда Бяды. — прым. рэд.). У нейкі момант, як мне распавялі, да яго з двух бакоў падляцела каля 15 сілавікоў, разбілі шкло з боку пасажыра. Вадзіміра выцягнулі з салона, паклалі на зямлю тварам уніз, рукі зацягнулі пластыкавай сцяжкай. Яго самога не білі».

Вадзімір Заранкін. Фота з сацсетак

Вадзімір Заранкін. Фота з сацсетак


Відавочцы распавялі Філіпу, што, калі сілавікі атачылі аўто яго брата, той спрабаваў выехаць: здаў назад, але не разлічыў і ўдарыў Daewoo, якая знаходзілася побач. «Усё гэта бачыў кіроўца Daewoo. Калі Вадзіміра затрымалі і збіраліся везці ў РАУС, гэты аўтамабіліст сказаў, што паедзе з імі, маўляў, трэба аформіць ДТЗ. Там брат даў яму мой нумар тэлефона, і ўжо гэты кіроўца патэлефанаваў мне і распавёў пра здарэнне».

Чаму сілавікі зацікавіліся яго братам, Філіп не ведае. Пра гэта ён паведаміў свайму бацьку, адвакату і ў СМІ. Пабітую машыну адагнаў на стаянку.

Філіп Заранкін — малодшы сын віцебскага мэра Вадзіма Заранкіна — правёў 13 сутак у ЦІП на Акрэсціна і ІЧУ ў Жодзіне. Суд пакараў маладога чалавека адміністрацыйным арыштам за ўдзел у маршы супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску 23 верасня. Філіп жа сцвярджае, што ў акцыі не ўдзельнічаў, а ішоў дадому з працы.