У пенсіянеркі Алены Гнаўк, якая зняла ролік пра курдскую сям’ю, міліцыянты забралі ноўтбук

1 снежня да Алены Гнаўк прыехалі следчыя Свіслацкага РАУС, яны правялі агляд дома пенсіянеркі ў вёсцы Ткачы і забралі ноўтбук. Пенсіянерка цяпер на волі.

Алена Гнаўк

Алена Гнаўк


Жанчына зняла ролік, прысвечаны курдскай сям’і, і папрасіла органы ўлады пакараць невядомых людзей, якія іх збівалі. Замест пошуку вінаватых міліцыя прыйшла да самой спадарыні Алены.
— Я напісала некалькі зваротаў у міліцыю, КДБ, распавяла пра сямʼю мігрантаў, якіх збівалі ў Беларусі. Гэтую сямʼю нават не апыталі, яны зʼехалі з Беларусі, але цяпер спрабуюць зрабіць скрайняй мяне, быццам бы я распаўсюджваю фэйкі, быццам бы мігрантаў у Беларусі не збівалі. Паглядзім, чым гэтая справа скончыцца, — сказала Алена Гнаўк «Бел**ту».
Увесну бягучага году спадарыню Алену судзілі па так званай «карагоднай» справе. Жанчына не хавала, што лічыць увесь гэты працэс сфабрыкаваным, палітычна матываваным, і адкрыта заяўляла, што галасы на выбарах скрадзеныя, што людзі маюць права на мірны пратэст, а Аляксандр Лукашэнка незаконна займае пасаду прэзідэнта.
Па «карагоднай справе» за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ) пракурор Андрэй Бараноўскі запрасіў для Гнаўк два гады «хатняй хіміі», а суддзя Іна Клышпач столькі і прысудзіла.
Але гэтага ўладам падалося мала, і пракурор Міхаіл Булыгін ініцыяваў новую крымінальную справу — цяпер за абразу прэзідэнта. 3 верасня жанчыне дадалі яшчэ год «хатняй хіміі» паводле арт. 368 («Абраза прэзідэнта»). Яе асудзіў суддзя Ленінскага раёна Брэста Зміцер Куроўскі.