У Полацку затрымалі Алеся Круткіна – з аблогай, АМАПам і ператрусам
У сераду 3 чэрвеня ў сваім доме ў Полацку быў затрыманы мясцовы актывіст і блогер Алесь Круткін. Паводле паведамленняў Алеся ў сацсетках, яго затрымлівалі 7 супрацоўнікаў МУС, у тым ліку амапаўцы. Пасля затрымання ў доме правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку.
«7 супрацоўнікаў абкружылі дом. Ёсьць і АМАП. Будуць затрымліваць. Павязуць або ў Полацак, або ў Віцебск. Магчымая крымінальная справа», – гэта апошні перад затрыманнем допіс Алеся Круткіна ў Фэйсбуку.
Па словах маці актывіста Алены Уладзіміраўны, яго павезлі ў Мінск. Пры затрыманні ў доме адбыўся ператрус. У прысутнасці панятых былі канфіскаваныя сістэмны блок і тэлефон без сім-карты.
Міліцыянты паведамілі маці, што супраць яе сына нібыта распачатая крымінальная справа за "абразу прэзідэнта". Будуць вывучацца запісы з электронных носьбітаў.
«Якая абраза прэзідэнта? Ды ён сам усіх абражае, сказала я міліцыянту», – кажа маці блогера.
Усе размовы з міліцыяй яна запісвала на свой тэлефон, здымала іх дзеянні. Але, ужо сыходзячы, супрацоўнікі міліцыі прымусілі яе ўсе запісы сцерці. У выпадку адмовы гразіліся канфіскаваць тэлефон.
vitebskspring.org