«У РУУСе сказалі, што мяне пасадзяць за тое, што я выгадавала такую дачку». Таццяну Міхайлаву арыштавалі на 15 сутак

У пратаколе было шмат памылак, якія не выправілі нават пасля дапрацоўкі. У справе адсутнічалі доказы віны, непасрэднага ўдзелу Таццяны ў пікетаванні і нават яе фактычнага знаходжання ў Мінску. Але 15 траўня суддзя Шаціла не звярнуў на гэта ўвагу і арыштаваў Таццяну Міхайлаву на 15 сутак.

Таццяна Міхайлава. Скрыншот з відэа «Белсата»

Таццяна Міхайлава. Скрыншот з відэа «Белсата»

13 траўня стала вядома, што дадому да 56-гадовай Таццяны Міхайлавай зноў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яе затрымалі за ўскладанне кветак каля Камароўскага рынка, але жанчына гэта адмаўляе.
Пасля затрымання Міхайлаву даставілі ў Савецкае РУУС і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП — «Несанкцыянаванае пікетаванне». У пратаколе пазначылі, што 12 траўня на вуліцы В. Харужай Таццяна «прыняла актыўны ўдзел у пікетаванні, усклаўшы кветкі на пляцоўцы ля цэнтральнага ўваходу ў Камароўскі рынак».
Жанчына сцвярджае, што ў гэты час яна была ў сябе дома і ўдзелу ў пікетаванні не прымала. Таму суддзя Сяргей Шаціла пацікавіўся, у сувязі з чым на яе тады склалі пратакол. Таццяна выказала здагадку, што гэта можа быць звязана з яе дачкой:
— У красавіку да нас прыязджалі супрацоўнікі міліцыі і шукалі маю дачку, якая нібыта ўдзельнічала ў «прагулцы з парасонамі». Яе не знайшлі, таму прапанавалі мне праехаць з імі, а ўжо ў Цэнтральным РУУС мне сказалі, што мяне пасадзяць за тое, што я выгадавала такую дачку. Але ёй ужо 30 гадоў, яна дарослы чалавек і самастойна прымае рашэнні. Пратакол мне тады не паказалі, што ставіцца ў віну, не казалі. І толькі на судзе я даведалася, што мяне абвінавачваюць у непадпарадкаванні, калі я ішла ад дома да машыны: быццам я чаплялася і ўпіралася. Гэта няпраўда, але цяпер гэта ўсё роўна, так? І цяпер я думаю, што яны прыехалі да мяне дадому, бо я ўжо дзесьці засвяцілася. Пыталіся, дзе Юля, але яе не было, таму мне прапанавалі праехаць з імі.
На суд з'явіўся сведка-міліцыянт «Бельскі», які ў гэты момант знаходзіўся побач з затрыманай у ІЧУ. Паводле яго слоў, ён асабіста назіраў, як жанчыны ў белым усклалі кветкі, пасля чаго спусціліся ў пераход і знялі маскі і хусткі — так ён і апазнаў Таццяну. Ён растлумачыў, што змог запомніць твары сямі з дзесяці жанчын, на што адвакат спытаў, ці маецца ў яго пасведчанне аб звышнатуральных здольнасцях. «Бельскі» адказаў, што ён звычайны чалавек.
Муж Таццяны таксама пацвердзіў суду, што яна ўвесь дзень правяла ў агародзе і нікуды не сыходзіла.
У пратаколе было шмат памылак, якія не выправілі нават пасля дапрацоўкі. У справе адсутнічалі доказы віны, непасрэднага ўдзелу Таццяны ў пікетаванні і нават яе фактычнага знаходжання ў Мінску. Але 15 траўня суддзя Шаціла не звярнуў на гэта ўвагу і арыштаваў Таццяну Міхайлаву на 15 сутак.
Нагадаем, Таццяна — маці Юліі Міхайлавай, якую ў красавіку затрымалі і асудзілі на 25 сутак арышту за шпацыр з БЧБ-парасонам на праспекце Пераможцаў. Таццяну тады таксама асудзілі на 5 сутак за «непадпарадкаванне» па арт. 24.3 КаАП.
Жанчына з'яўляецца шматдзетнай маці, у якой сямёра паўнагадовых дзяцей. У яе дыягнаставаны фіброз лёгкіх — падчас мінулага затрымання з-за адкрытай форткі ў камеры ў яе пачалася задышка. 
Паводле «"Вясна" назірае»