У старажытнай Царкве ў Сынкавічах скралі дары з цудатворнай іконы

У вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці невядомыя абрабавалі старажытную царкву Святога Міхала Арханёла. Ноччу зламыснікі праніклі ў гэты вядомы ў Беларусі праваслаўны храм і выкралі дары з абраза «Усецарыца», якая лічыцца цудатворнай.

17bdbd62a010ee7b60818b8dd19fa874_l.jpg


Дары каля іконы Багародзіцы пакідалі людзі, якія вылечыліся.
Злачынцы спілавалі краты на акне, абясточылі сігналізацыю, разбілі шкло на іконе і забралі шматлікія ўпрыгажэнні, у тым ліку ювелірныя вырабы з золата, якія знаходзіліся пры абразе. Пры гэтым сам абраз не кранулі.
Праваахоўнікі высвятляюць абставіны злачынства і шукаюць злачынцаў, распачата крымінальная справа, паведамляе УСК па Гродзенскай вобласці.
Абраз Божай Маці «Усецарыца» (Пантанаса) быў напісаны ў XVII стагоддзі і знаходзіцца ў манастыры на гары Афон у Грэцкай Македоніі. На іконе намаляваная Божая Маці, якая сядзіць на Прастоле ў атачэнні двух архангелаў. На каленях Яна трымае Дзіцятка Езуса, паказваючы на ​​Яго правай рукой. Праз гэты абраз Гасподзь ацаліў многіх хворых на рак.
У 1995 годзе ў Маскву быў прынесены спіс абраза Божай Маці «Усецарыца». Спісы гэтай выявы сталі з'яўляцца ў многіх храмах і кляштарах Праваслаўнай Царквы. У 2006 годзе спіс абраза «Усецарыца» прывезлі ў Сынкавіцкую царкву. Неўзабаве туды накіраваліся тыя, хто хварэе. Лічыцца таксама, што асаблівую ласку Божай Маці сталі атрымліваць і тыя, бяздзетныя пары, якія моляцца перад абразам. У храме маецца кніга з мноствам падзячных сведчанняў аб атрыманні дапамогі ад Усецарыцы. Як правіла, вылечаныя пакідаюць каля абраза свае матэрыяльныя дары ў падзяку Багародзіцы - залатыя і сярэбраныя ўпрыгажэнні.
Сынковіцкая царква — адзін з найстарэйшых гатычных храмаў у Беларусі - была пабудавана, як мяркуецца, у XV стагоддзі па ўзоры Бернардынскага касцёла ў Вільні.
Паводле katolik-gomel.by