У Росіцы адзначылі свята буслоў

«Зямля пад белымі крыламі» — свята буслоў адзначылі ў Росіцы Верхнядзвінскага раёна.

svjata_3_750x400.jpg



Мерапрыемства пачалося з канферэнцыі, на якой ксёндз Віталь Сапега распавёў пра экалогію сям’і. Потым адбылася святочная імша, падчас якой вернікі маліліся за Беларусь, а хор “Гасанна” з Віцебска ўпрыгожыў яе сваім цудоўным спевам.
Па словах арганізатра свята, айца Чэслава Курэчкі, бусел — сімвал сям’і і Беларусі, таму асноўнымі ідэямі свята былі  абарона беларускіх сем’яў перад сучаснымі выклікамі  і клопат пра навакольнае асяроддзе ў Беларусі:
Люблю буслоў, усё жывое, усе божыя стварэнні вельмі люблю. Сабралася людзей, захацелася пабыць разам, памаліцца за нашу краіну, наш народ, за нашыя сем’і, каб у нас быў спакой, згода, каб мы бераглі божыя стварэнні.
Мерапремства скончылася святочным канцэртам, які падрыхтавалі мясцовыя артысты Сар’янскага дома культуры, віктарынай пра птушак Беларусі і агульным пачастункам у летнім кафэ “У бусла”.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара