У судзе ў «справе Ціханоўскага» агучылі, колькі каштавала лячэнне пацярпелых міліцыянтаў

Суд у «справе Ціханоўскага» над трыма гарадзенцамі працягнуўся ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 8 лютага. Пацярпелыя міліцыянты, якіх меліся дапытаць, не з'явіліся і на другі раз, перадае Радыё Свабода.

Дзмітрый Фурманаў (злева ў клетцы)

Дзмітрый Фурманаў (злева ў клетцы)

З пісьмовых матэрыялаў справы стала вядома, колькі каштуе пашкоджаны рыштунак міліцыянтаў і на якую суму іх лячылі пасля інцыдэнту.

Да таго ж выявілася, што ў матэрыялах справы ёсць відэа з тэлеграм-каналу, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.

«Не прыйшлі, бо не атрымалі апавяшчэння»
Абвінавачаныя ў справе — Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга — амаль 8 месяцаў знаходзяцца пад вартай. Іх затрымалі ў сувязі з пікетам для збору подпісаў за Ціханоўскую 29 траўня ў Гродне. Усіх трох вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, Разнічэнку і Кнігу таксама ў гвалце над міліцыянтамі.Пацярпелых чацвёра: міліцыянты Ленінскага РАУС Гродна Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, амапаўцы Дзмітрый Рахунок і Віктар Буднік.

Міліцыянт Уладзімір Казлоўскі

Міліцыянт Уладзімір Казлоўскі

Уладзімір Казлоўскі — той самы міліцыянт, які ўпаў пасля мітусні на плошчы, пасля ўстаў, сеў на лаву і доўга трымаўся за жывот. Ён тады не казаў, што яму баліць, устаць яму з зямлі дапамагалі простыя гарадзенцы, а не калегі-міліцыянты, якіх было шмат на плошчы ў той момант.

Аляксандр Хваленя

Аляксандр Хваленя


Ніхто з пацярпелых не прыйшоў на паседжанне, бо не атрымалі апавяшчэння пра суд. Двое міліцыянтаў, Казлоўскі і Хваленя, паабяцалі прыйсці на наступнае паседжанне. Начальнік амапаўцаў Рахунка і Будніка паведаміў, што тыя не здолеюць прыйсці на суд, бо невядомая расстаноўка байцоў у гэты дзень. Амапаўцы не прыходзілі яшчэ ні на адно паседжанне ў справе.

«Значыць, у суседні будынак апавяшчэнне дайшло, а ў міліцыю не», — пракаментавала суддзя.
Раней Казлоўскі і Хваленя не прыйшлі ў суд, бо ахоўвалі парадак падчас купання на Вадохрышча, Рахунок хварэў, а Буднік быў на вучэбнай сэсіі.
Згодна з дзяржаўным абвінавачаннем, Разнічэнка схапіў Казлоўскага за тулава і паваліў яго на тратуарную плітку. Хваленю ён выцяў не менш за два разы па нагах і ніжняй частцы тулава, а Казлоўскага не менш за два разы па тулаве невядомымі прадметамі. У выніку ў Хвалені быў пашкоджаны відэарэгістратар, а ў Казлоўскага — рукаў форменнага адзення і службовыя боты.
На лячэнне міліцыянтаў патрацілі па 500 рублёў
У судзе памянялі парадак даследавання доказаў. Пракурор зачытаў пісьмовыя матэрыялы справы. Ён агучыў траўмы, якія зафіксавалі ў Фурманава на наступны дзень пасля затрымання: рана за вухам, крывападцёкі і ранкі на твары, у раёне рукі, пояса, калена.

Пракурор Мікіта Мыслівец

Пракурор Мікіта Мыслівец

«Як вы атрымалі пашкоджанні?» — запыталася суддзя ў Фурманава.
«Падчас затрымання на Савецкай плошчы. На вуліцы, а таксама, відаць, калі страціў прытомнасць у аўтобусе», — адказаў Фурманаў.
Маці Дзмітрыя Вольга Фурманава пры гэтым зашамацела лекамі, нехта ў зале гучна зашморгаў носам.
У Кнігі пасля затрымання зафіксавалі крывападцёк на вусе памерам 3×4 сантыметры.
З матэрыялаў справы стала вядома, што на лячэнне міліцыянтаў Казлоўскага і Хвалені спатрэбілася амаль па 500 рублёў. Інфармацыю дала лякарня хуткай дапамогі. Колькі каштавала лячэнне Фурманава і Кнігі, не паведамілі.
Да таго ж пракурор зачытаў кошт рыштунку, які пацярпеў падчас інцыдэнту на плошчы: нарукаўнік з адзнакамі — 3 рублі 88 капеек, боты храмаваныя — 42 рублі 30 капеек, мегафон — 30 рублёў 31 капейка. Рамонт дзвярэй мікрааўтобусаў, куды саджалі затрыманых, абышоўся амаль у 230 рублёў.

8 лютага падтрымаць фігурантаў «справы Ціханоўскага» ў суд прыйшлі каля 30 чалавек

8 лютага падтрымаць фігурантаў «справы Ціханоўскага» ў суд прыйшлі каля 30 чалавек


Да матэрыялаў справы, як стала вядома ад пракурора, далучылі відэазапісы, якія размяшчалі ў тэлеграм-каналах «Беларусь головного мозга» (ягоны адміністратар Ігар Лосік 7,5 месяца знаходзіцца пад вартай), а таксама з тэлеграм-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Ягоную назву дзяржаўны абвінаваўца зачытваў уголас.
Пасля перапынку 8 лютага па абедзе дапытаюць пацярпелых міліцыянтаў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН