У Мінску каля дваццаці замежнікаў судзяць за «непадпарадкаванне»

Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска разбіраюць справы прыкладна дваццаці замежнікаў. Судзяць іх па адным з самых папулярных адміністрацыйных артыкулаў 2020 года — арт. 23.4 КаАП РБ (Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы). Аднак пытанні да іншаземцаў паўсталі не праз палітыку — за парушэнне рэжыму самаізаляцыі.

Ілюстрацыйнае фота: Алесь Пілецкі, tut.by

Ілюстрацыйнае фота: Алесь Пілецкі, tut.by

Інфармацыя пра суды над замежнікамі з'явілася ў тэлеграм-канале «Спісы затрыманых». Сярод пасяджэнняў, якія 8 лютага праходзяць у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска, каля дваццаці — працэсы над замежнікамі.
Памочнік старшыні суда Фарыда Мамедава патлумачыла TUT.BY, што судзяць іх за парушэнне рэжыму самаізаляцыі.
Мяркуючы па раскладзе, справы разбіраюць хутка: 5-10 хвілін на кожны працэс.
Караюць, удакладніла суразмоўца, толькі штрафамі.


Фота: тэлеграм-канал «Спісы затрыманых»
Нагадаем, з 9 красавіка 2020 года за парушэнні правілаў паводзінаў у самаізаляцыі прадугледжаны штраф ад 2 да 50 базавых велічынь (ад 58 да 1450 рублёў) або адміністрацыйны арышт. У дачыненні да парушальніка складаюць адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 КаАП Беларусі.