У Ашмянскім раёне ствараюць віртуальны музей Дугі Струвэ
Непадалёк ад Гальшан знаходзіцца геадэзічны пункт Цюпішкі, які ўваходзіць у склад унікальнага помніка гісторыі і навукова тэхнічнай думкі Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. За стварэнне прысвечанага помніку музея ўзяліся супрацоўнікі Гальшанскай бібліятэкі за кошт гранта асветніцкага фонду Льва Сапегі.
Экспанаты ўжо сабраныя ў адным з памяшканняў бібліятэкі: геаграфічныя мапы і кнігі, прысвечаныя Дузе Струвэ, партрэты яе стваральнікаў, інфармацыя пра ўсе знойдзеныя геадэзічныя пункты дугі.
У лютым 2013 года ў інтэрнэце па адрасе www.struve.by з’явіцца і віртуальны музей.
Музей будзе знаёміць не толькі з навуковым значэннем Дугі Струвэ, але таксама з культурай і традыцыямі народаў, праз землі якіх яна была пракладзена.
Сярод мэтаў стварэння музея — раскрыццё гісторыка-культурнага патэнцыялу Дугі Струвэ, навуковай значнасці рэгіёнаў, праз якія яна праходзіць, павышэнне турыстычнай прывабнасці аб’екта.
Дуга атрымала назву ў гонар кіраўніка даследавання, астранома і геадэзіста Федэрыка Струвэ (Васіля Якаўлевіча Струвэ). Дуга стваралася з мэтай вызначэння формы і памераў зямной паверхні, выглядае як сетка з 265 пунктаў на тэрыторыі 10 краін. У кожным пункце закладзены ў зямлю каменныя кубы з даўжынёй рабра 2 метра, агульнай працягласцю 2820 кіламетраў.
Дзякуючы гэтым аб’ектам было даказана, што Зямля мае форму не ідэальнага шару, а эліпсоіда.
Дакладнасць выкананай ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя працы пацвердзілі сучасныя касмічныя здымкі.
Першыя пункты геадэзічнай Дугі Струвэ ў Беларусі знойдзеныя ў 2001 годзе. Усяго іх было 31, захаваліся 19, 5 з іх — у Ашмянскім раёне.