У бундэстагу распавялі пра рэпрэсіі ў Беларусі
Судовыя працэсы над апазіцыяй у Беларусі нагадваюць “змрочныя часы 30-х гадоў у Савецкім Саюзе. Пра гэта заявіла дэпутат бундэстага ад партыі “зялёных
Марылуізэ Бек.
У нямецкім парламенце 13 мая адбылася сустрэча палітыкаў з беларускім экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксеем Міхалевічам і дачкой палітвязня Міколы Статкевіча — Кацярынай.
Мерапрыемства пад назвай “Рэпрэсіі ў Беларусі арганізавала ў Берліне Нямецка-беларускае таварыства сумесна з “Фондам Маршала Германія — ЗША.
Судовыя працэсы над апазіцыяй у Беларусі нагадваюць “змрочныя часы 30-х гадоў у Савецкім Саюзе. Пра гэта заявіла дэпутат бундэстага ад партыі “зялёных Марылуізэ Бек.
У нямецкім парламенце 13 мая адбылася сустрэча палітыкаў з беларускім экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксеем Міхалевічам і дачкой палітвязня Міколы Статкевіча — Кацярынай.
Мерапрыемства пад назвай “Рэпрэсіі ў Беларусі арганізавала ў Берліне Нямецка-беларускае таварыства сумесна з “Фондам Маршала Германія — ЗША.
Аляксей Міхалевіч распавёў прысутным пра сваё зняволенне ў СІЗА КДБ. Адразу пасля арышту яму ва ўльтыматыўнай форме прапанавалі зачытаць пакаянную заяву на тэлебачанні. Ён адмовіўся, і турэмнае
начальства паведаміла, што ў такім выпадку яго чакае 15 гадоў зняволення.
“З першых жа дзён у турме пачаўся моцны ціск на мяне, — распавёў Аляксей Міхалевіч. — Напрыклад, у ізалятары з’явіліся людзі ў вайсковай форме без знакаў
адрознення, у масках. Мяне сталі распранаць дагала, прымушалі прысядаць, але і гэта яшчэ дробязі. У турме я даведаўся, што спакойна саджуся на шпагат, хаця дагэтуль ніколі такога не
рабіў.
Кацярына Статкевіч паведаміла, што аналагічныя здзекі перанёс і яе бацька. У знак пратэсту ён абвясціў у СІЗА КДБ галадоўку. “Пасля трох тыдняў галадоўкі стан яго здароўя моцна пагоршыўся, і
яго перавялі ў рэанімацыю турэмнай бальніцы. У яго сур’ёзнае захворванне сэрца. А за час знаходжання ў камеры ў яго вельмі моцна сапсаваўся зрок, — адзначыла дачка
палітвязня.
Марылуізэ Бек зазначыла, што інфармацыю пра катаванні агучыў і Андрэй Саннікаў. Шэф КДБ Зайцаў асабіста пагражаў жыццю жонкі і малога сына экс-кандыдата. Паводле словаў Марылуізэ Бек, пра гэта трэба
ўзгадваць у далейшым пры ацэнцы падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.
Аляксей Міхалевіч пацвердзіў падобныя меры выбівання хлуслівых паказанняў. Так, пасля чарговай адмовы супрацоўнічаць з КДБ, яго вывалаклі з камеры, заламілі рукі за спіну і сталі выкручваць,
патрабуючы даносу на іншых апазіцыйных кандыдатаў. “Мне следчы сказаў прамым тэкстам: “Для твайго вызвалення ты павінны даць паказанні супраць Статкевіча, Саннікава і
Някляева, — расказаў Міхалевіч.
Пасля катаванняў Міхалевіч падпісаў паперу, што згодны выконваць даручэнні КДБ. А калі яго адпусцілі на волю, сабраў прэс-канферэнцыю і распавёў пра тое, што з ім адбылося. Праз некалькі дзён ён
з’ехаў з Беларусі.
Марылуізэ Бек прызнала, што ў падыходах еўрапейцаў наконт таго, ці павінны Захад кантактаваць з рэжымам Лукашэнкі, ёсць “супярэчнасці. І мяркуе, што часы "даверу"
Захаду і афіцыйнага Мінска незваротна сышлі. На давер Еўропы беларускі рэжым адказаў грубым ударам па апазіцыі.
Дачка Міколы Статкевіча лічыць, што Захад недаацэньвае свой уплыў у Беларусі і абмяжоўваецца толькі санкцыямі. “Санкцыі ўжо ўводзіліся, потым адмяняліся, потым зноў уводзіліся. Гэта прывяло
да таго, што чарговае ўвядзенне санкцый дало падставу Лукашэнку для насмешак: “Маўляў, уводзьце санкцыі, усё роўна потым яны знікнуць, — патлумачыла Кацярына.
А Аляксей Міхалевіч мяркуе, што апазіцыя пасля падзей 19 снежня кардынальна памяняе сваю тактыку. І ўладам не варта чакаць ад яе ў будучым патуранняў. “Сваімі дзеяннямі Лукашэнка дасягнуў
аднаго — нават з самых памяркоўных беларускіх палітыкаў ён зрабіў радыкальных, — заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты.