У Мінску з'явіцца цэнтр прапаганды атамнай энергетыкі
Афіцыйнае адкрыццё Мінскага інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі адбудзецца 22 красавіка падчас працы VII Міжнароднай выставы і канферэнцыі "Атамэкспа-Беларусь 2015".
Мемарандум пра стварэнне ў Мінску цэнтра падпісалі летам 2014 года ў Маскве былы міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч і кіраўнік "Расатама" Сяргей Кірыенка падчас VI Міжнароднага форуму "Атамэкспа-2014", паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі Беларусі.
Інфацэнтр па атамнай энергіі — гэта «шматфункцыянальная камунікацыйная пляцоўка, задача якой інфармаваць насельніцтва аб выкарыстанні мірнага атаму».
Цэнтры адкрываюцца пад эгідай дзяржаўнай карпарацыі "Расатам" у рэгіёнах, дзе будуюцца або ўжо працуюць аб'екты атамнай энергетыкі. Кожны інфармацыйны цэнтр ўяўляе сабой сучасны мультымедыйны кінатэатр, які спалучае панарамную 3D-праекцыю, камп'ютэрную графіку і анімацыю, стэрэагук, інтэрактыўныя кансолі і персанальныя маніторы. Усе сеансы і мерапрыемствы бясплатныя для наведвальнікаў.
Праграма сеансу разлічана як на школьнікаў ад 8 гадоў, так і на дарослую аўдыторыю. Акрамя асноўнай будуць таксама даступныя праграмы па астраноміі, прыродазнаўстве і краіназнаўстве на рускай і англійскай мовах.
«Расатам» бачыць галоўнай задачай гэтых цэнтраў «асвету насельніцтва ў пытаннях радыяцыйнай бяспекі, атамнай энергетыкі, папулярызацыя атамнай навукі і тэхнікі сярод школьнікаў, прафарыентацыя навучэнцаў на тэхнічныя спецыяльнасці, прасоўванне ядзерных тэхналогій і адукацыі ў галіне атамнай энергетыкі».