У Вярхоўны суд пададзена скарга на нерэгістрацыю МХД
У Вярхоўны суд Беларусі пададзены скарга на адмову міністэрства юстыцыі зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне "Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты". Як адзначыла старшыня аргкамітэту МХД Марына Хоміч, спадзявацца на рэгістрацыю нават праз суд не даводзіцца.

«Але мы хочам пабачыць тых, хто нам адмовіў, і як яны «згодна з законамі" будуць тлумачыць гэтую адмову», — падкрэсліла яна.
Нагадаем, Для адмовы былі знойдзеныя тры падставы. Першая з іх заключаецца ў тым, што, паводле Мінюста,
заснавальнікі ў дакументах нібыта напісалі несапраўдныя дадзеныя пра свае месцы працы, а значыць, яны маўляў не прысутнічалі на ўстаноўчым сходзе. У спіс тых, хто нібыта падаў несапраўдныя звесткі, патрапіла і
намесніца старшыні МХДВольга Кавалькова, якая была сакратаркай сходу.
Другая прычына для адмовы — дакументы, якія патрабаваў Мінюст насуперак заканадаўству і якія МХД адмовілася прадстаўляць, у тым ліку дамова з арандатарам памяшкання.
Самай жа абсурднай стала трэцяя прычына. Па версіі Мінюста, ставаральнікі МХД у статуце арганізацыі парушылі закон Рэспублікі Беларусь аб правапісе беларускай мовы, у прыватнасці параграфы 33 і 63 пра напісанне вялікіх літар і двукоссяў у назве арганізацыі.
