Учора ў Лунінецкім раёне верталёт МНС здзейсніў аварыйную пасадку
Учора ў 14:25 пры выкананні работ па авіяцыйным патруляванні лясоў каля вёскі Чарабасава Лунінецкага раёна здзейсніў аварыйную пасадку верталёт Мі-2 авіяцыі МНС Беларусі.
Камандзір паветранага судна і лётчык-назіральнік самастойна пакінулі верталёт. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны не пацярпелі. Верталёт атрымаў механічныя пашкоджанні. Спецыяльная камісія высвятляе ўсе прычыны і абставіны здарэння, паведамляла МНС.
Фота: чытачы tut.by
Сёння тэлеграм-канал «ОтВинта | Авиация Беларуси» апублікаваў падрабязнасці здарэння. Паводле інфармацыі з ананімнай крыніцы, борт узляцеў з пляцоўкі ў Пінску і адправіўся па маршруце. У раёне вёскі Чарабасава Лунінецкага раёна па невядомай прычыне пачалося некантраляванае кручэнне верталёта.
Дзякуючы прафесійным дзеянням экіпажа борт удалося выраўняць перад зямлёй і здзейсніць жорсткую пасадку.
Паводле інфармацыі крыніцы, камандзір паветранага судна шпіталізаваны, другі член экіпажа [лётчык-назіральнік] сур'ёзна не пацярпеў. Верталёт аднаўленню не падлягае. Папярэдняя прычына — адмова тэхнікі.