Ухіленне ад падаткаў — супраць журналістаў «БелаПАН» распачалі крымінальную справу

Гаворка пра нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў, якое прычыніла шкоду ў буйным памеры. Быццам бы ў бюджэт не сплацілі  больш чым 100 тысяч рублёў, паведамляе «Свабода».

1f49ea34_ac5e_4e49_ab62_67551cb317a3_w1023_r1_s.webp

Следчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, «а таксама іншых асоб». Паводле гэтага артыкула ім пагражае да 5 гадоў абмежавання свабоды ці ад 3 да 7 гадоў зняволення.

Гаворка пра нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў, якое прычыніла шкоду ў буйным памеры. Паводле СК, ад чэрвеня 2018 па студзень 2021-га ў падатковую справаздачнасць «БелаПАН» уносілі непраўдзівыя звесткі, што выклікала нявыплату ў бюджэт больш чым 100 тысяч рублёў.

Дырэктарка і галоўная рэдактарка «БелаПАН» Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзмітры Наважылаў, а таксама бухгалтарка Кацярына Боева былі затрыманыя 18 жніўня на падставе падазрэння ў злачынстве, прадугледжаным арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У межах крымінальнай справы канфіскаваны сервер «БелаПАН», дзейнасць кампаніі ў Мінску паралізаваная, працу працягвае частка рэдакцыі, якая знаходзіцца за мяжой.

Журналіста Андрэя Аляксандрава і яго сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў межах іх справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН».

Спачатку Аляксандрава абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачанне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.