Уладзімір Дунаеў: Мы з’яўляемся сведкамі таго, як парушаюцца акадэмічныя каштоўнасці

Заўтра, 27 студзеня, Грамадскі Балонскі камітэт збіраецца прадставіць сваю справаздачу аб маніторынгу ў сферы адукацыі з моманту ўмоўнага прыняцця Беларусі ў Балонскі працэс да канца 2015 года.



bol_l_300x279.jpg

Фота з сайта eurobelarus.info

Ці адбываюцца зрухі ў беларускай сістэме адукацыі ў сувязі з далучэннем да Балонскага працэсу? Чаму Міністэрства адукацыі гаворыць толькі пра дасягненні і не ўзгадвае пра невыкананне ўмоў? Час падводзіць першыя вынікі рэфармавання адукацыйнай прасторы. Свае заўвагі на гэты конт Службе інфармацыі“ЕўраБеларусі” выказаў прафесар, сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў.

— Уладзімір Аляксандравіч, з моманту далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу прайшло ўжо восем месяцаў. Як адбываецца маніторынг выканання нашай краінай умоў, пастаўленых у Дарожнай карце?

— Беларусь увайшла ў Балонскі працэс на 16 гадоў пазней, чым яго “піянеры”. Таму неабходныя крокі “на апярэджванне”, якія дапамаглі б нам наблізіцца да лідараў. Гэты план дзеянняў і адлюстраваны ў Дарожнай карце.

Каб маніторыць выкананне Дарожнай карты ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА) была створана  Advisory group (група дарадцаў), якая павінна была дапамагчы Беларусі з рэфармаваннем вышэйшай адукацыі і прадставіць справаздачу аб выкананні Дарожнай карты да саміту міністраў адукацыі ў Парыжы ў 2018 годзе.

Цяпер мы (Грамадскі Балонскі камітэт і камісія Нацыянальнай платформы) рыхтуем альтэрнатыўныя даклады, якія павінны  з пазіцыі незалежных экспертаў і грамадзянскай супольнасці адлюстраваць наша бачанне гатоўнасці Беларусі да выканання патрабаванняў Дарожнай карты. Справаздача, якую мы падрыхтавалі і прадставім заўтра — першая за паўгоддзе, і ў ёй мы будзем казаць, што ўсё-такі зроблена.

— Пра якія вынікі ўжо можна казаць? Некаторыя пункты Дарожнай карты меркавалася выканаць да канца 2015 года…

— Пакуль асабліва няма чым пахваліцца па выкананні Дарожнай карты. Але тое, што мы адзначаем, гэта, па-першае, што яна цяпер узгадваецца ў Інструктыўным лісце і  ў загадзе міністра аб імплементацыі элементаў Балонскага працэсу. І гэта вельмі добра. Бо напачатку Міністэрства адукацыі пазбягала казаць пра ўмовы, на якіх Беларусь прынялі ў Балонскі працэс. Упершыню ў яго гісторыі краіну прымалі ўмоўна! А ўмовай прыняцця Беларусі было рэфармаванне сістэмы вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з узгодненай Дарожнай картай. І цяпер сам яе тэкст на рускай ці беларускай мовах адсутнічае на рэсурсах Міністэрства адукацыі ці Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Але ў Інструктыўным лісце ёсць спасылка на англійскую версію, апублікаваную на сайце ЕПВА. Ну, прынамсі, цяпер афіцыйна зафіксаваны Дарожная карта і план яе рэалізацыі, прыняты міністэрствам.

Мы крытыкуем гэты план (хаця добра, што ён увогуле ёсць), бо міністэрства гаворыць толькі аб інструментах Балонскага працэсу. Гэта ECTS (сістэма трнасферту і назапашвання вучэбных крэдытаў), дадатак да дыплома і нацыянальная рамка кваліфікацый. Гэта важна. Але апроч гэтага існуе прэзумпцыя, якая фігуруе ва ўсіх дакументах ЕПВА — гэта еўрапейскія акадэмічныя каштоўнасці. Дык вось у Дарожнай карце ёсць не толькі ўказанні на неабходнасць імплементацыі інструментаў, але і каштоўнасцяў. На жаль, каштоўнасная тэрміналогія ў дакументах Міністэрства адукацыі старанна мінаецца. 

— Адпаведна, не толькі ў дакументах, але і на практыцы?

— Так, і гэта ўжо іншае пытанне. Нежаданне абмяркоўваць сістэму каштоўнасцяў сведчыць аб тым, што гэта цяпер сапраўды балючае пытанне для нашай адукацыі, і тут у нас менш за ўсё аптымізму. Мы з’яўляемся сведкамі таго, як гэтыя акадэмічныя каштоўнасці ў нас парушаюцца. Зменаў сітуацыі да лепшага ні ў частцы акадэмічнай свабоды, ні ў частцы ўніверсітэцкай аўтаноміі не адбылося.

У нашым дакладзе адлюстравана важная праблема студэнцкага ўдзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыяй. І гэта датычыцца не толькі парушэння правоў студэнтаў, але і іншых рэчаў, напрыклад, адсутнасці транспарэнтнасці. Нават загад міністра, пра які ішла гаворка вышэй, у адкрытым доступе адсутнічае. Напэўна, трэба заахвоціць Мінадукацыі: яно абнавіла свой сайт, і на ім ёсць раздзелы, прысвечаныя нарматыўна-прававой базе, але там узгадваецца толькі пяць дакументаў з усёй базы вышэйшай адукацыі. І гэта сведчыць пра тое, як міністэрства рэагуе на свае абавязацельствы.

Праблема закрытасці застаецца адной з найважнейшых у нашай сістэме адукацыі. І сітуацыя тут толькі пагоршылася. Яшчэ некалькі гадоў таму нарматыўна-прававая база была даступная цалкам, а сёння яна недаступна ў значнай сваёй частцы. У нас па-ранейшаму большая частка інфармацыі пра ВНУ, пачынаючы ад устава і заканчваючы радай, таксама недаступная. Навошта рабіць сакрэт са складу рады ВНУ? Нашы еўрапейскія калегі скардзяцца, што не могуць нават атрымаць звесткі пра гендарны склад радаў беларускіх ВНУ. Чым тлумачыцца гэтая закрытасць, зразумець немагчыма. Як немагчыма ўстанавіць, які працэнт студэнтаў у складзе радаў універсітэтаў. Ёсць адпаведная заканадаўчая норма, і мы ў 2014 годзе вымушаны былі звяртацца ў Генпракуратуру ў сувязі з невыкананнем кіраўніцтвам ВНУ гэтых нарматываў студэнцкага прадстаўніцтва. Наш зварот прызналі абгрунтаваным і некаторыя навучальныя ўстановы паабяцалі выправіцца, хоць зрабілі гэта яны таксама, я б сказаў, выродліва.

Ёсць шэраг дакументаў ЕПВА, і каб імплементаваць элементы Балонскага працэсу, трэба ведаць гэтую заканадаўчую базу. Дык і яна ў нас адсутнічае на сайтах Мінадукацыі!

Фактычна, мы не можам меркаваць аб тым, што робіць міністэрства па імплементацыі Балонскага працэсу, калі гэта адбываецца ў закрытым рэжыме.

 Парушэнне акадэмічнай свабоды праяўляецца ў існаванні цэнзуры. І тут, на жаль, таксама няма зменаў у лепшы бок. У прыватнасці, мы спасылаемся на факт знішчэння накладу кнігі Віталя Сіліцкага “Доўгая дарога ад Тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі” на загад Міністэрства інфармацыі. Гэта з’яўляецца, па сутнасці, працягам палітыкі акадэмічных рэпрэсій, якая існавала і да ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс.

 — Калі працягваць гаворку пра рэпрэсіі, пра што сведчыць адлічэнне з ВНУ студэнтаў, якія выйшлі на марш супраць платных пераздач?

 — Гэта выглядае найбольш скандальным, калі адміністрацыя ВНУ пайшла на рэпрэсіі супраць студэнтаў, якія мелі смеласць заявіць пра сваё законнае права ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў. 

Як паказваюць вынікі нашага апытання, значная частка студэнтаў ведае і падтрымлівае патрабаванне ўдзелу ў прыняцці рашэнняў, іншая справа, што не многія адкрыта гатовыя ўдзельнічаць у гэтым руху, бо баяцца рэпрэсій. І ніхто не сумняецца, што яны будуць. Такі татальны страх — сведчанне таго, што ў нас нічога не зроблена для імплементацыі акадэмічных каштоўнасцяў.

Ніякіх заканадаўчых гарантый для  такога студэнцкага ўдзелу няма. Больш за тое, у адносінах да тых, хто аб’яднаўся дзеля абароны сваіх правоў, гучаць пагрозы аб прымяненні супраць іх артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу. Маецца на ўвазе ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях. Па сутнасці, крымінальнае пакаранне за тое, што студэнты хацелі скарыстацца сваімі законнымі фундаментальнымі акадэмічнымі правамі.

Варта звярнуць увагу, што міністр адукацыі, выступаючы па тэлебачанні, заявіў, маўляў, яго папракаюць у заахвочванні студэнцкага самакіравання. Спасылаючыся на выступленні студэнтаў, ён сказаў, што гэта не студэнцкае самакіраванне, а студэнцкае самаўпраўства. Можна пагадзіцца з тым, што гэта самаўпраўства, але не студэнцкае, а адміністрацыйнае.

— Такім чынам, падсумоўваючы сказанае, ці ёсць у Беларусі будучыня ў Балонскім працэсе?

— Задача грамадзянскай супольнасці і ўсіх зацікаўленых у якаснай вышэйшай адукацыі зрабіць усё, каб працэс імпліментацыі ўсё ж такі неяк ішоў. І ў гэтым сэнсе наша мэта станоўчая. Мы зацікаўлены ў тым, каб рэформы ішлі, таму і звяртаем увагу на супярэчлівыя факты ў спадзяванні на тое, што абавязацельствы будуць выкананыя.

eurobelarus.info