Краіна не для крэдытораў
Тры месяцы таму ЕС прыпыніў санкцыі ў дачыненні да шмат якіх беларускіх чыноўнікаў і некаторых кампаній. За гэты час чыноўнікі сінявокай паглядзелі Еўропу і вырашылі, што нічога добрага там няма.
Тры месяцы таму ЕС прыпыніў санкцыі ў дачыненні да шмат якіх беларускіх чыноўнікаў і некаторых кампаній. Да новага разгляду гэтага пытання застаўся месяц.
Еўрапейцы прыпынілі свае санкцыі пад уздзеяннем дзвюх рэчаў. Першая — міратворчыя высілкі афіцыйнага Мінска па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Другая — і еўрапейцы не саромеліся гэта прызнаць, — тое, што прэзідэнцкія выбары 2015 года ў краіне прайшлі хоць і недэмакратычна, але мірна. Ну і тое, што напярэдадні выбараў былі выпушчаныя палітвязні, безумоўна, паўплывала.
Між тым, усе казалі пра тое, што гэтае прыпыненне — «крэдыт даверу» ЕС да беларускіх уладаў. Так сказаў міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штанмаер непасрэдна свайму калегу Уладзіміру Макею, калі сустракаўся з ім у Берліне ў лістападзе. Дзяржсакратар Францыі па еўрапейскіх справах Арлем Дэзір зазначаў, што санкцыі прыпыняюцца з мэтай спрыяць захаванню правоў чалавека, дэмакратыі і прынцыпаў прававой дзяржавы. У гэтым рэчышчы выказваліся ўсе, каму не было лянотна — нават кіраўніца МЗС Харватыі Весна Пусіч.
На жаль, еўрапейцы не звязваюць цесна эканоміку і палітыку. Інакш бы, перш чым выдаваць крэдыт даверу, яны б паглядзелі на тое, як Беларусь абыходзіцца з іншымі крэдытамі. З палітычным крэдытам атрымалася ўсё тое ж самае.
Ці былі выкананыя ўмовы гэтага «крэдыту даверу»?
Як казалі, каментуючы прыпыненне санкцый, нашы беларускія палітыкі, для канчатковага зняцця санкцый ЕС ставіў пэўныя ўмовы. «Палёгкі для незалежнай прэсы, паляпшэнне выбарчага заканадаўства і рэгістрацыю партый і аб’яднанняў», — у лістападзе казаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец. І што мы бачым зараз?
Становішча незалежнай прэсы ніяк не змянілася. «Новы час», нягледзячы на неаднаразовыя намаганні рэдакцыі, дагэтуль не бяруць у распаўсюд «Белпошта» і «Белсаюздрук». Гомельскія журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова атрымалі з пачатку года тры штрафы на дваіх за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». А 25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска АМАПаўцы жорстка збілі журналіста партала TUT.BY Паўла Дабравольскага. Збілі пры выкананні ім сваіх журналісцкіх абавязкаў, нягледзячы на журналісцкае пасведчанне.
Палёгкі для прэсы? Ботам табе па твары, а не палёгкі для прэсы!
Дарэчы, Дабравольскага збілі на працэсе над маладзёнамі, якія абвінавачваюцца ў нанясенні на сцены патрыятычных графіці. Праваабаронцы яшчэ да пачатку судовага разбіральніцтва вынеслі вердыкт: калі тыя будуць асуджаныя, то іх адназначна трэба лічыць палітвязнямі, бо асуджаныя яны будуць за выказванне свайго меркавання.
То бок, улады дзейнічаюць па старой завядзёнцы: адных палітвязняў выпусцілі — новых пасадзілі. Гэта адбываецца ўжо не першы раз. І Еўропа магла б нарэшце гэта заўважыць.
Рэгістрацыя партый і аб’яднанняў? Той жа Павал Севярынец не разлічваў, што ў адпаведнасці з еўрапейскай лібералізацыяй улады зарэгіструюць БХД пад якімсьці соўсам. Не разлічваў, але раптам «цуд на Каляды»? Цуду не адбылося — грамадскаму аб’яднанню «Хрысціянска-дэмакратычны рух» Мінюст адмовіў у рэгістрацыі на падставе таго, што «статут аб'яднання не адпавядае патрабаванням заканадаўства».
У чым жа неадпаведнасць? У статуце ХДР запісана: адной з мэтаў дзейнасці РГА «ХДР» з'яўляецца «абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян». Па меркаванні Мінюста, «дадзенае палажэнне не адпавядае артыкулу 20 Закона аб грамадскіх аб’яднаннях. Хаця згодна гэтаму артыкулу грамадскія аб’яднанні маюць права абараняць правы і законныя інтарэсы сваіх чальцоў, а таксама прадстаўляць законныя інтарэсы сваіх чальцоў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях».
Як прыгожа Мінюст пазбавіў грамадзянства ўдзельнікаў грамадскіх аб’яднанняў!
Можна было б казаць пра нелюбоў міністэрства да хрысціянскіх дэмакратаў, але яны не адзіныя былі не зарэгістраваныя. «Новая альтэрнатыва» Алега Корбана таксама не была зарэгістраваная з-за «неадпаведнасці назвы аб’яднання названым у статуце мэтам і задачам». І такіх прыкладаў шмат.
Пра лібералізацыю выбарчага заканадаўства ўвогуле ў гэтых варунках казаць не мае сэнсу. Палата прадстаўнікоў на канікулах да вясенняй сесіі, а размова пра далейшае прыпыненне ці аднаўленне санкцый будзе ісці ў лютым.
Узнікае ўражанне, што нашы чыноўнікі паездзілі па Еўропах, паглядзелі, як яны там пакутуюць ад мігрантаў, і вырашылі: «Гэта не пра нас. Лепей мы пад санкцыямі застанемся, чым такое шчасце». Калі ЕС сапраўды ацэніць наш «прагрэс у дэмакратыі», то іншага рашэння, як узнавіць «санкцыйныя спісы», быць не можа.