Усё паводле Арыстафана: у Брэсце ўздоўж праспекту сталі некалькі тысяч «святлан ціханоўскіх» (фота)
Адну з самых маштабных акцый апошніх дзён зладзілі ў Брэсце 13 жніўня выключна жанчыны. У вопратцы светлых колераў, з белымі балонікамі, кветкамі ды стужкамі ў руках, яны ўтварылі гіганцкую сцяну ўздоўж усяго праспекта Машэрава (каля двух кіламетраў).

Фота: Яўген Бяласін
Светлыя колеры аздобы гэтай мірнай акцыі і яе жаночы склад недвухсэнсоўна ўказвалі на салідарнасць з вывезенай за мяжу Беларусі Святланай Ціханоўскай, якую шмат хто лічыць пераможцай у мінулых прэзідэнцкіх выбарах, а таксама на тое, што кожная ўдзельніца ідэнтыфікуе сябе з Ціханоўскай. Такім чынам, маем у Брэсце сёння некалькі тысяч святлан ціханоўскіх.
Да акцыі далучаліся і некаторыя мужчыны. Натуральна, ніхто іх не адпрэчваў. Казалі, аднак, што мужчыны выйдуць вечарам, як і штодня.
Міліцыі, у адрозненне ад учорашняга вечара, не было. Толькі праз паўгадзіны з боку аддаленага (10 кіламетраў) Маскоўскага РАУС праімчала на чырвоныя святлафоры так званая “канторка” — аўтамабіль УАЗ Patriot.


Відавочна, што пратэстоўцы мяняюць тактыку, і “сілавікам” давядзецца працаваць на змор. Але найперш ім прыйдзецца адказаць сабе на пытанне, якога народа яны патрыёты. Бо сёння цэнтр Брэсту запоўнілі ніякія не прыезджыя і не крымінальнікі, як укідваюць беларускі кіраўнік — афіцыйны “пераможца” — і яго людзі, а абураныя жанчыны.
Усё ж старажытнагрэчаскі камедыёграф Арыстафан — вялікі класік, ягоная п’еса “Лісістрата” нечакана ўвасабляецца ў нас на вачах. Нагадаю, там жанчыны адмовіліся ад мужчын, змушаючы іх спыніць войны.


Адна з жанчын, што ўдзельнічала ў акцыі, наважылася выказацца: “Беларусамі заўсёды патуралі ды іх панукалі. І вось цяпер зноў. Войскі вывелі на ўласны народ! Але мы супраць. Хопіць!”
Фота: Яўген Бяласін