За ўчорашні «жаночы ланцуг» жыхарак Віцебску будуць судзіць
Каля 20-ці жанчын і дзяўчат, якія выйшлі
12 жніўня да Ратушы ў Віцебску, апранутых ў белае і з кветкамі ў руках, забралі
ў пастарунак.
Пра затрыманне Ірына Барысевіч распавядае
“Радыё Рацыя”:
— Прыехалi хлопцы з Кастрычніцкага РАУСу, мы толькі 5 хвілін паспелі пастаяць. Адвезлі нас у пастарунак, і нас там 6 гадзін афармлялі. Спачатку нас у актавую залу пасадзілі, перапісалі імёны, месцы працы, пакуль там адбіткі пальцаў, фоткі… І адпусцілі, пакуль не паведамілі, калі там суд, калі там што…
Перш чым адпусціць дахаты, жанчын і дзяўчат накіроўвалі на гутарку з начальнікам Кастрычніцкага РАУС, распавяла Станіслава Цярэнцьева:
— Усе мусілі сустрэцца з начальнікам, і ён вырашаў, ці адпускаць нас дахаты, ці не. Але ён чытаў натацыі, што нам мусіць быць сорамна. Вось мне ён сказаў, што пасля нашых дзеянняў людзі пішуць у сацыяльных сетках, каб забівалі міліцыянтаў. І што гэта мы вінаватыя ў беспарадках у горадзе, а ў яго служаць хлопчыкі, маладзейшыя за мяне.
Усіх затрыманых адпусцілі пасля
складання пратаколаў паводле артыкула 23.34 КаАП — як на ўдзельніц
несанкцыянаванай акцыі. У пратаколах запісана, што жанчыны і дзяўчаты крычалі
лозунгі і пляскалі ў ладкі. Гэтага не было, цвердзяць удзельніцы, бо яны
трымаліся пад рукі, а ў руках трымалі кветкі.
www.racyja.com