Увага! Дапаможнік для пацярпелых па самадакументаванні фактаў жорсткага абыходжання
Дацкі інстытут супраць катаванняў "DIGNITY" пры падтрымцы
Праваабарончага цэнтра "Вясна" падрыхтаваў практычны дапаможнік для
пацярпелых па дакументаванні фактаў катаванняў і жорсткага абыходжання з
боку органаў дзяржаўнай улады.
Мэта дапамогі — паляпшэнне доступу да правасуддзя і аказанне дапамогі ў кантэксце бягучай сітуацыі ў Беларусі, дзе ў цяперашні час доступ да юрыдычнай дапамогі і паслугаў па дакументаванні абмежаваны.
"Калі вы падвергліся жорсткаму абыходжанню з боку органаў улады, напрыклад, фізічнаму і/або псіхалагічнаму гвалту пры затрыманні органамі міліцыі ці сіламі бяспекі, вы можаце скарыстацца гэтым дапаможнікам, каб даведацца, як задакументаваць ваш выпадак", — гаворыцца ў брашуры.
Таксама дапаможнік будзе карысны тым, хто ў цяперашні момант сумняваецца ў тым, ці варта заяўляць пра катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, але магчыма захоча адстаяць свае правы ў будучыні, задакументаваўшы фізічныя сляды і запісаўшы сваю гісторыю жорсткага абыходжання з боку сілавікоў.
Аўтары брашуры звяртаюць увагу, што атрыманая інфармацыя можа стаць важным доказам у судовым працэсе, падчас абароны правоў грамадзянскай супольнасцю, рэабілітацыі або для фармавання гістарычнага прэцэдэнту.
"У частцы збору доказаў, шмат чаго можна дасягнуць уласнымі намаганнямі, напрыклад, запісаўшы сваю гісторыю і зрабіўшы фотаздымкі слядоў жорсткага абыходжання. Але важна памятаць, што існуе верагоднасць таго, што дакументаванне не прынясе чаканых вынікаў з-за абмежаванага доступу да правасуддзя або палітычнага ўмяшання", — падкрэсліваецца ў дапаможніку па дакументаванні катаванняў.
У ім утрымліваюцца этапы дакументавання, а таксама кантактная інфармацыя арганізацый, якія прапануюць юрыдычную, псіхалагічную і медыцынскую падтрымку пацярпелым.
Калі ласка, націсніце ніжэй, каб адкрыць PDF файл і прачытаць парады