Валанцёрская ініцыятыва # ByCovid19 і «Луч» выставяць на анлайн-аўкцыён унікальныя гадзіннікі
З 17 па 24 чэрвеня на анлайн-пляцоўцы Ay.by пройдзе дабрачынны аўкцыён, галоўнымі лотамі якога стануць наручныя гадзіннікі з лімітаванай серыі «Працуем далей!» калекцыі «Час дапамагаць» завода «Луч». Так любы ахвочы зможа далучыцца да валанцёрскай ініцыятывы # ByCovid19 «Дапамога ўрачам Беларусі» і падзякаваць усім, хто стаў на абарону медыкаў падчас пандэміі.
Дабрачынны аўкцыён стане сімвалічным падвядзеннем вынікаў кампаніі # ByCovid19, якая стартавала гэтай вясной. Такім чынам каардынатары ініцыятывы хацелі б аддзячыць іншым арганізацыям і праектам, дзякуючы якім валанцёрскі рух па зборы грошай і закупцы неабходных сродкаў абароны для медыкаў ахапіў за апошнія месяцы ўсю краіну.
У красавіку 2020 года «Луч» выпусціў калекцыю гадзіннікаў «Час дапамагаць», усе сродкі ад продажу якой былі пералічаныя на дапамогу лекарам і медыцынскім установам. Дадаткова для аўкцыёну была створана спецыяльная абмежаваная серыя «Працуем далей!», якая складаецца ўсяго з 20 асобнікаў.
«Гадзіннікі для аўкцыёну адрозніваюцца ад усёй серыі, якую мы ўжо выпусцілі. У іх іншы колер раменьчыка: замест чырвонага бірузовы — фірмовы для # ByCovid19. На цыферблаце застаецца напамін уладальніку: "Мая дапамога ўрачам супраць COVID-19", але на зваротным баку корпуса замест падзяк на 17 мовах размешчаны неафіцыйны слоган валанцёрскай кампаніі "Працуем далей!". Паколькі гэтая серыя выраблена менавіта для аўкцыёну, кожнаму лоту прысвояць асобны нумар — ён будзе выгравіраваны на корпусе, каб падкрэсліць эксклюзіўнасць гадзіннікаў», — распавёў намеснік дырэктара па развіцці Мінскага гадзіннікавага завода Рафік Саркісян.
«У пачатку пандэміі наша каманда ўсяго толькі выступіла з прапановай — уласнымі сіламі арганізаваць збор сродкаў, каб закупіць для медыкаў сродкі абароны, якія цяпер неабходныя ім як ніколі. Усё, што было далей, — гэта заслуга кожнага неабыякавага чалавека, які адгукнуўся на нашу ідэю. Нам бы хацелася, каб гэты аўкцыён стаў магчымасцю сказаць сваё "Дзякуй" усім, хто падтрымаў і працягвае падтрымліваць нашых медыкаў у барацьбе з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі. Многія людзі не чакалі ад сябе, што здольныя настолькі актыўна ўключыцца. Валанцёрскі рух у Беларусі выйшаў на новы ўзровень і гатовы рэагаваць на самыя сур'ёзныя выклікі», — адзначыў каардынатар валанцёрскай ініцыятывы # ByCovid19 Андрэй Стрыжак.
Валанцёры # ByCovid19
У рамках серыі «Працуем далей!» выпушчана 20 нумарных асобнікаў. Нумары з 1 па 19 будуць удзельнічаць у аўкцыёне, а ўладальнік 20-га нумару ўжо вызначаны — пра яго арганізатары паведамяць дадаткова пасля заканчэння аўкцыёну.
Кожны нумарны асобнік гадзінніка выстаўляецца асобным лотам. Выбіраючы гадзіннік, удзельнік аўкцыёну таксама можа сам вызначыць, на рахунак якога праекта-партнёра валанцёрскай ініцыятывы # ByCovid19 яму хацелася б зрабіць унёсак.
Бенефіцыярамі аўкцыёну стануць структуры, з якімі # ByCovid19 аб'яднаў намаганні з самага пачатку дзейнасці, а таксама пляцоўкі, якія аддалі свае памяшканні пад рэгіянальныя хабы і склады. Менавіта дзякуючы зладжанай працы хабаў ў Мінску, Гомелі, Віцебску і Гродне валанцёры ініцыятывы максімальна хутка дастаўлялі дапамогу медыкам.
Бенефіцыяры аўкцыёну
Дабрачынная платформа «Імёны» атрымае суму, выручаную ад продажу чатырох лотаў аўкцыёну, а Мінскі хакерспейс, сталічная галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Цэнтр гарадскога жыцця ў Гродна, цэнтр культуры VZAP у Віцебску і арт-прастора «Каўчэг» у Гомелі — суму ад продажу трох лотаў кожны. Атрымаць выкупленыя гадзіннікі будучы ўладальнік зможа пасля таго, як зробіць унёсак, роўны канчатковай стаўцы, у падтрымку ініцыятывы або пляцоўкі, за якой быў замацаваны дадзены лот.
Рабіць стаўкі змогуць усе зарэгістраваныя карыстальнікі анлайн-пляцоўкі Ау.by, у тым ліку, якія пражываюць за межамі Беларусі.
Таргі будуць ісці на працягу сямі дзён — з 12:00 17 чэрвеня па 12:00 24 чэрвеня ў спецыяльным раздзеле на Ay.by. Рабіць стаўкі або павялічваць стартавы альбо бягучы кошт лота можна ўсім зарэгістраваным карыстальнікам платформы на любую суму. Агульная сума з улікам стаўкі павінна быць большай за актуальную цану лота, якая адлюстроўваецца ў аб'яве, як мінімум на 5 BYN. Колькасць ставак не абмежаваная. Сістэма Ay.by апрацоўвае іх аўтаматычна, пасля чаго ўдзельнік аўкцыёну атрымлівае пацверджанне аб тым, што яго стаўка прынятая.
Арганізатарамі дабрачыннага аўкцыёну выступае валанцёрская ініцыятыва # ByCovid19 «Дапамога ўрачам Беларусі!» пры падтрымцы Мінскага гадзіннікавага завода, камунікацыйнага агенцтва ARS Communications і анлайн-пляцоўкі Ay.by.
Падрабязнасці аб аўкцыёне даступныя па спасылцы.
Паводле прэс-рэліза