Валянцін Стэфановіч: «Зрок у мяне ўпаў, дробныя літары цяжкавата чытаць»
Пра праблемы са здароўем праваабаронца-палітвязень паведаміў у лісце. А таксама дадаў, што ў «бліжэйшай перспектыве нічога добрага» не бачыць.
Палітзняволены вясновец Валянцін Стэфановіч даслаў ліст з-за кратаў, у якім распавядае, што ў яго пагоршыўся зрок, а таксама разважае пра магчымыя наступствы рэферэндума і змены ў грамадстве, якія ўжо адбыліся. Вытрымкі з ліста
Валянціна Стэфановіча апрылюднілі праваабаронцы.
«Зараз я акрамя газет нічога не чытаю, даў сваім вачам адпачынак. Мне падаецца, зрок у мяне ўпаў, дробныя літары цяжкавата чытаць. З ТБ і газет я стараюся сачыць за навінамі і спрабаваць вылавіць нейкую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне.
Калі казаць пра тое, што я думаю, дык магу сказаць, што да канца лютага наступнага года сітуацыя будзе заставацца цяжкай, усё будзе жорстка і рэпрэсіі будуць працягвацца. Уся гэтая зачыстка, найперш у інфармацыйнай сферы, не выпадковая. Ім трэба ў лютым правесці рэферэндум і запусціць гэтак званы “мяккі транзіт” улады. Што будзе пасля – пабачым.
Усё будзе залежаць ад наступных крокаў пасля рэферэндуму. Ці гэта будуць датэрміновыя выбары новага прэзідэнта, ці яны адбудуцца ў 2025 годзе. Вельмі верагодна, што такое напружанне будзе захоўвацца да гэтых самых выбараў.
Пасля, магчыма, будзе пэўная спроба перазагрузкі і, адпаведна, вызваленне палітвязняў. Верагодна, што частка з іх будзе вызваленая і раней. У цэлым жа ў бліжэйшай перспектыве нічога добрага я не бачу».