«Вам тлумачацца правы...» — «Няма ў нас ніякіх правоў». Як судзілі 81-гадовую пенсіянерку

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалася справа Сафіі Мінько 1939 года нараджэння. Яна была затрыманая падчас маршу пенсіянераў 7 снежня і ў сувязі «з наўмысным выяўленнем грамадска-палітычных настрояў» абвінавачвалася паводле часткі 1 артыкула 23.34.

100767ea_0d71_4fd8_b37d_b24b4074a462_w1023_r1_s.jpg

— Грамадзянства Рэспублікі Беларусь? — пачаў працэс суддзя Дзмітрый Карсюк, піша «Анлайнер».

— Абавязкова.

— Адукацыя?

— 10.

— Сям'я?

— Унук, дачка і зяць. Дзед памёр 10 гадоў таму.

— Памер пенсіі?

— Каля 450 рублёў.

— Вам растлумачваюцца правы…

— Няма ў нас ніякіх правоў.

Суддзя не звярнуў увагі і скончыў уступную прамову.

— Ці маюцца ў вас хадайніцтвы?

— Што гэта такое?

— Нейкія просьбы да суду?

— Ой... што ў вас прасіць? Я лічу, што не-ві-на-ва-тая ні ў чым.

З афіцыйнага пратакола: 7 снежня Сафія Мікалаеўна Мінько з 13:00 да 13:15 наўмысна парушыла ўстаноўлены парадак правядзення вулічнага шэсця, прымала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным арганізаваным масавым руху групы грамадзян у колькасці 50 чалавек па пешаходнай частцы вуліц і праспекта Незалежнасці без дазволу Мінгарвыканкама з мэтай публічнага выяўлення сваіх грамадска-палітычных настрояў. Мінько рухалася з удзельнікамі шэсця і трымала ў руках бел-чырвона-белы сцяг.

— Зразумела?

— Я ўсё зразумела. Я ішла адна. Несла сцяг у руках — дзе мне яго было падзець? Не было ніякай калоны. Я не адмаўляю, што ішла. Ад Круглай плошчы на 40-ы аўтобус.

— Для чаго ў вас быў сцяг?

— Таму што гэта родны сцяг. Гэта мой асабісты пратэст супраць самавольства.

— Вы згодныя з тым, што хацелі выказаць свае грамадска-палітычныя настроі?

— Так, так! Ішла я адна.

— Ці ажыццяўлялі вы якія-небудзь дзеянні для таго, каб атрымаць дазвол на свой пратэст?

— Дзе? Якое? Паглядзіце на мой узрост. Што яшчэ дапоўніць? Я не баюся.

З боку сведак выступіў супрацоўнік міліцыі «Аляксандр Аляксандравіч». Па скайпе ён пацвердзіў, што Мінько рухалася ў групе. З 50 чалавек затрымалі 5, «колькі паспелі...»

Суддзя Карсюк, разгледзеўшы справу, пастанавіў — прызнаць Мінько вінаватай і падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе 10 базавых велічынь, або 270 рублёў.

Пастанова можа быць абскарджана ў Мінскім гарадскім судзе на працягу 10 сутак.

— Зразумелая сутнасць рашэння?

— Раз вы вынеслі, то што тут разумець…