Віцебск. БХД распачало чацвёрты этап кампаніі "За якасную медыцыну для ўсіх"

Актывісты аргкамітэту Партыі БХД Віцебска распачалі 4-ы этап кампаніі "За якасную медыцыну для ўсіх".



1457938677_etap4_009.jpg

Фота з сайта bchd.info

Папярэднія вынікі працы станоўчыя: на Поўдні-7 (м-н Віцебска) узнавілі будаўніцтва паліклінікі (закансерваванае з 2013 года), адкрыты пасля шматгадовага рамонту 1-ы корпус абласной інфекцыйнай бальніцы, кампутарызаваныя рэгістратуры, бясплатнае УЗІ павінны рабіць усім жанчынам па паказаннях, прыцягнута ўвага мясцовых СМІ да праблем медыцыны, кампанія шырока крочыць па Віцебшчыне: Орша, Лепель, Наваполацк, Шаркаўшчына. 


“Але праблем яшчэ зашмат: аніяк улады не рызыкнуць нават уключыць у планы горада пабудову абяцанага яшчэ з 2010 года паліклінічнага комплексу ў Білева (м-н Віцебска), хаця за яго будаўніцтва яшчэ ў 2014 годзе намі сабрана каля 5 тысяч подпісаў, адпраўлена па належных адрэсах. Улады вымушаны былі правесці па гэтым пытанні 2 грамадскія сустрэчы, апошняя — з прадстаўніцтвам Міністэрства аховы здароўя. Узноўлена і зноўку спынена будаўніцтва паліклінікі на Поўдні-7, чэргі з паліклінік нікуды не зніклі. Акрамя гэтага мы вырашылі ўключыць у новы зварот і патрабаванні будаўніцтва ў тым жа Білеве школы (абяцанні з 2012 года), дзіцячага садку (абяцанні з 2014 года), пачатага ў 2015-м і закансерваванага. Таксама звяртаем увагу адрасатаў на неналежнае выкананне інвестыцыйных планаў”, — адзначыла каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.


Актывісты кампаніі склалі новы зварот, падрыхтавалі адмысловыя ўлёткі для інфармавання жыхароў, распачалі іх распаўсюд ды збор подпісаў. У планах шмат мерапрыемстваў, аб якіх будзе паведамлена пазней. “Запрашаем усіх, каго хвалююць праблемы якасці медыцынскага абслугоўвання далучацца да нас. Мой тэлефон — +375295977049”, — заявіла Таццяна Севярынец.

bchd.info