Віктар Бабарыка пра блакаванне TUT.by: Гэта крок не ў эпоху «да інтэрнэту», гэта скачок у сярэднявечча

Палітзняволены экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка выказаўся з-за кратаў пра пераслед партала TUT.BY.

200321100826_80451.jpg

— Асноўная ўласцівасць чалавека — думаць — з'яўляецца і выяўляецца, калі ёсць хоць бы два варыянты інфармацыі па пытанні, хоць бы два меркаванні. TUT.by рабіў велізарную працу ў забеспячэнні людзей інфармацыяй па найважнейшых пытаннях, — цытуе Віктара Бабарыку яго прэс-служба. — Пераслед кіраўніцтва і журналістаў TUT.by і блакаванне доступу да партала, які штодня чыталі мільёны беларусаў — гэта ўдар па магчымасці і праве кожнага чалавека сфарміраваць сваё меркаванне, па праве кожнага чалавека думаць.

Гэта крок не проста ў эпоху «да інтэрнэту». Гэта — скачок у сярэднявечча. Пытанне пастаўлена аб пазбаўленні нас друкаванага слова. Альтэрнатыўнае меркаванне проста перастае існаваць, знішчаецца іншы пункт гледжання. Гэта ўжо тычыцца кожнага беларуса, незалежна ад палітычных перакананняў і пераваг. Таму што ў такіх умовах немагчымыя нічые бяспека і дабрабыт.