Вільня салідарная з беларусамі ў іх змаганні за справядлівасць
Па ініцыятыве грамадскага аб'яднання беларусаў Літвы Dapamoga 25 кастрычніка ў Вільні адбыўся чарговы Марш Салідарнасці з Беларуссю.
25 кастрычніка Вільня далучылася да беларускіх гарадоў у знак салідарнасці з беларусамі ў іх змаганні за справядлівасць.
Больш за 150 чалавек прайшлі маршам аж Сейму да Ратушы па праспекце Гедыміна. Сёння марш адрозніваўся тым, што адбыўся ў суправаджэнні музыкаў-барабаншчыкаў.
На жаль, літоўскія палітыкі, якія звычайна актыўна падтрымліваюць беларусаў, гэтым разам не змаглі далучыцца да маршу, бо сёння ў Літуве адбываецца другі тур парламенцкіх выбараў. А, згодна з законамі Літоўскай Рэспублікі, палітыкам, партыям, а тым больш кандыдатам і кандыдаткам ў дэпутаты забараняецца ў дзень выбараў займацца любой палітычнай рэкламай. Падтрымка беларускай справы сёння магла б расцэньвацца як агітацыя.
Затое многія віленцы ў кавярнях і на шпацыру воклічамі і ўзнятымі рукамі віталі і выказвалі сімвалічную падтрымку і тым, хто прайшоў маршам літоўскай сталіцы, так і беларусам Беларусі, якім значна складаней і проста небяспечна ажыццяўляць свае права на мірныя сходы і шэсці.