Віншаванне Івонкі Сурвілы з Днём Волі

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла віншуе ўсіх беларусаў са святам Дня Волі — чарговымі ўгодкамі стварэння БНР. 



ivonka_survila2.jpg

Івонка Сурвіла

У сваім звароце яна засцерагае беларусаў ад паўтарэння падзеяў у Крыме, дзе Расія пад відам абароны рускамоўных захапіла тэрыторыю чужой дзяржавы:

— Дарагія суродзічы, звяртаюся да вас сёння з трывогай на душы. Падзеі ва Украіне паказалі свету, да якой скрайнасці Масква гатовая пайсці, каб вярнуць імперыю. Не зважаючы на законы міжнароднага сужыцця, на міжнародныя, ёю падпісаныя, дагаворы і на аднагалоснае асуджэнне ўсяго свету, Расія напала на суседнюю дзяржаву пад выдуманым прэтэкстам небяспекі, якая, маўляў, пагражае, рускамоўнаму насельніцтву гэтае дзяржавы.

Івонка Сурвіла адзначае, што ў 30-я гады мінулага стагоддзя менавіта пад падобным прэтэкстам быў здзейснены першы крок да пачатку самай жахлівай сусветнай вайны ў гісторыі чалавецтва:

— Для Беларусі маскоўская агрэсія на Украіну асабліва трывожная, бо калі свет адэкватна не заарэагуе, мы можам стацца наступнай ахвярай маскоўскага імперыялізму. Прэтэкст будзе той самы — рускамоўнае насельніцтва Беларусі. Дарагія суродзічы, у 96-я ўгодкі нашага слаўнага 25 сакавіка, дзякуючы якому Беларусь яшчэ жыве, заклікаю вас годна адзначыць гэты дзень. Гэтым вы прыпомніце свету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла выказвае салідарнасць з украінскім народам і ягонымі героямі, якія сёння змагаюцца супраць пуцінскай імперыі зла. “Не давайце рэжыму ўцягнуць вас у гэтую імперыю. Мы на баку цывілізаванага свету, а не дзікіх агрэсараў. Дык слава Украіне ў змаганні! Жыве беларуская Беларусь!”, — гаворыцца ў звароце Івонкі Сурвілы з нагоды Дня Волі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя