«Віруса няма»? Лукашэнка ўзяў на кантроль сітуацыю з COVID-19 у «Лясной паляне»

«Здароўю дзяцей цяпер нічога не пагражае», — сказаў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Фота: lespol.by

Фота: lespol.by

Ён таксама паведаміў, што сітуацыю з COVID-19 у аздараўленчым цэнтры «Лясная паляна» ўзяў пад асабісты кантроль Аляксандр Лукашэнка.
Як распавёў Піневіч, цяпер усе дзеці разбітыя на дзве групы. Першая група — дзеці, якія маюць мінімальныя сімптомы захворвання, яны размешчаны ў Астравецкай ЦРБ. Другая група — дзеці з пацверджаным каронавірусам, але без сімптомаў. Яны знаходзяцца ў цэнтры пад медназіраннем асобна ад іншых.
Астатняя група дзяцей (кантакты першага ўзроўню) таксама знаходзяцца пад пільным наглядам медыцынскіх работнікаў.
«З клінічнага пункту гледжання, нам важныя дбайнае назіранне і аналіз кантагіёзнасці віруса ў дзяцей (гэта вірус дэльта), яго плынь і прагноз (наколькі хутка знікаюць праявы). Мы знаходзімся на парозе навучальнага года і павінны ацаніць выпрацаваныя (сумесна з зацікаўленымі) крокі па прадухіленні хуткага распаўсюджвання COVID-19. Мы правялі маніторынг усіх аздараўленчых лагераў — як сезонных, так і круглагодных. Усюды сітуацыя спакойная: у адным з лагераў у Чавускім раёне мы выявілі спарадычныя выпадкі, якія не запатрабавалі асаблівых мерапрыемстваў», — сказаў міністр.