Вярхоўны суд адмовіўся пакараць суддзю, які забараніў журналістам весці запіс

Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся распачаць дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні да суддзі Аляксандра Якунчыхіна, які забараніў журналістам карыстацца дыктафонамі падчас разгляду адміністратыўнай справы.



viarchouny_sud.jpg

Паводле адказу намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча, падчас адміністратыўнага працэсу супраць грамадскага актывіста Сяргея Фінкевіча, які праходзіў 3 сакавіка, ніякіх нараканняў на дзеянні суддзі Якунчыхіна не паступала.

У сувязі з гэтым Вярхоўны суд не бачыць падставаў для ўзбуджэння дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да суддзі.

Разам з тым, па сведчаннях журналістаў, якія прысутнічалі на працэсе,Аляксандр Якунчыхін зрабіў заўвагу журналістам пасля таго, як пабачыў у руках карэспандэнтаў дыктафоны. Суддзя заявіў, што аўдыёзапіс у працэсе можна весці толькі з яго дазволу, і што ў выпадку непадпарадкавання журналістаў могуць прыцягнуць да адказнасці.

У канцы снежня на прэс-канферэнцыі Валерыя Калінковіча журналісты скардзіліся яму менавіта на такія выпадкі, якія парушаюць і нацыянальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і міжнародныя нормы права.

Гэтае права было падкрэслена ў адмысловай пастанове Пленума Вярхоўнага суда Беларусі ад 20 снежня 2013 года “Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і аб распаўсюдзе інфармацыі пра дзейнасць судоў”.

Нягледзячы на адмоўны адказ Вярхоўнага суда, кіраўніцтва ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” спадзяецца, што чарговы зварот арганізацыі наконт парушэння правоў журналістаў дазволіць прадухіліць такія выпадкі ў будучым.

— Усе беларускія суддзі павінны дасканала ведаць і выконваць заканадаўства ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ. Мы спадзяемся, што хоць дысцыплінарную адказнасць ў дадзеным выпадку суддзя ўсё ж не панясе, і гэта стане добрай нагодай для іншых суддзяў узгадаць і звярнуць увагу на правы журналістаў падчас судовых слуханняў, — каментуе адказ намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.
 

Прэс-служба БАЖ