Вярхоўны суд таксама адпісаўся наконт пераследу журналістаў-фрылансераў
Вярхоўны суд Беларусі адказаў на зварот ГА “БАЖ” з нагоды пераследу журналістаў паводле артыкула 22.9 КаАП. Намеснік старшыні ВС Руслан Аніскевіч паведамляе, што ўзнятыя ў звароце журналісцкага аб’яднання пытанні “не могуць быць вырашаныя” ў адпаведнасці з законам “Аб зваротах грамадзян”.

На думку прадстаўніка Вярхоўнага суда, журналісты, пакараныя штрафамі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, могуць самі абскардзіць рашэнні.
“Узнятыя ж у вашым звароце пытанні адносяцца да сферы прымянення заканадаўства, што вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, і не могуць быць вырашаныя ў адпаведнасці с Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзянаў”, — адзначае Руслан Аніскевіч.
Днямі падобныя адказы на зварот ГА “БАЖ” даслалі МУС і Генеральная пракуратура, якія таксама не пажадалі абмяркоўваць масавы пераслед журналістаў-фрылансераў.
Нагадаем, што 9 ліпеня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіравала зварот ў Вярхоўны суд, МУС, Генеральную пракуратуру і КДБ Беларусі.
У сваім звароце Праўленне арганізацыі звяртала ўвагу на хвалю неабгрунтаванага пераследу беларускіх журналістаў паводле арт.22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Журналісцкая арганізацыя дамагалася публічнага абмеркавання праблемы прыцягнення да адказнасці фрылансераў — з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, ГА “БАЖ”, а таксама ўсіх зацікаўленых асобаў.