Ветэран, якому Лукашэнка абяцаў адмяніць дарожны падатак, яго заплаціў

Спачатку Фелікс Шкірманкоў спадзяваўся, што абяцанне кіраўніка краіны будзе выкананае да 9 траўня, зараз — што да пачатку новага года.



luka_11.jpg

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання горада Слаўгарад Магілёўскай вобласці паабяцаў мясцоваму сябру БНФ, актывісту і ветэрану вайны Феліксу Шкірманкову адмяніць дарожны падатак для ветэранаў Другой сусветнай вайны (на здымку). Адбылося гэта 26 красавіка сёлета. Праўда, кажа ветэран, дату адмены не называлі і спачатку ён спадзяваўся, што зроблена гэта будзе да святочнага дня Перамогі — 9 траўня. Спадзяванні не спраўдзіліся і ветэран, не дачакаўшыся выканання абяцання, вымушаны быў і сёлета заплаціць 600 тысяч дарожнага падатаку перад праходжаннем тэхагляду.
Шкірманкоў:“І калі яго адменяць?.. Калі я праходзіў тэхагляд тыдзень таму, то там мне хлопцы сказалі, што яны, напэўна, з новага года гэта зробяць. Бо ім паперы наконт таго, як праводзіць тэхагляд і што там рабіць, прыходзяць у студзені заўсёды”.
Па словах Фелікса Шкірманкова, ён ужо збіраўся напісаць артыкул пра тое, як прэзідэнт падмануў ветэрана — не выканаў свайго абяцання. Але людзі яго адгаварылі. Маўляў, калі такое напішаш, то дакладна нічога не адменяць.
Паводле "Еўрарадыё"