Вольга Івашына: Ролікі пра Дзяніса — ілжывая прапаганда
Палітзняволены і журналіст Новага Часу Дзяніс Івашын больш за год знаходзіцца за кратамі. Жонка палітвязня Вольга заўважыла, што па дзяржаўным тэлебачанні ў Беларусі пачалі паказваць ролікі пра Дзяніса. «Там шмат хлуслівай інфармацыі», — кажа яна.
Пра тое, што ў гэтых роліках на тэлебачанні, Вольга Івашына распавядае Радыё Рацыя.
— Пра нібыта створаную агентурную сетку дыпламатамі Украіны на тэрыторыі Беларусі. І, канешне, паводле версіі камітэтчыкаў, шукалі сярод грамадзянаў Беларусі патэнцыйных агентаў. Адным з іх нібыта выстаўляюць Дзяніса, што ён з куратарамі працаваў, выконваў іх заданні, збіраў суперсакрэтныя звесткі.
Вольга лічыць гэтыя ролікі прапагандай і фэйкам.
— Усё, што паказана, — гэта толькі іхняя інтэрпрэтацыя таго, што нібыта нешта было. Паказваюць толькі адзін бок, прычым займаюцца прапагандай, усё ў роліках выглядае, як чыстая прапаганда. Там шмат хлуслівай інфармацыі. То-бок, праўда толькі тое, што яны сачылі за ўкраінскімі дыпламатамі і паказвалі фота з ператрусу ў нашай хаце.
Ад Дзяніса Івашына ўжо больш за паўгода няма аніякіх лістоў да сям´і і адзіныя звесткі, якія даходзяць да жонкі і маці Дзяніса – гэта тое, што можа паведаміць адвакат, які знаходзіцца пад падпіскаю аб неразгалошванні справы.