Вольга Класкоўская атрымала спатканне з маці. Што зараз вядома пра палітзняволеную

«Мой "калядны тур" па залатым коле Беларусі». Так палітзняволеная Вольга Класкоўская назвала свой этап з гомельскай колоніі нумар 4 у рамках новай крымінальнай справы, распачатай у адносінах да яе па артыкуле 369 (абраза службовай асобы).  

photo_2022_01_24_16_00_25.jpg

А паколькі гэтай асобай аказаўся міліцыянт з Брэста, то "тур" выглядаў так : Гомель-Брэст-Баранавічы-Мінск-Навінкіі, далей зваротна.
"На гэтым яе турэмным шляху часам я паспявала дзесьці дагнаць Вольгу, штосьці паспець перадаць, але часцей ужо стамлялася і чула ў СІЗА той жа Валадаркі :"Класкоўскай тут ужо няма". А 19-20 студзеня ў Брэсце адбыўся суд над Вольгай. Безумоўна, я паехала на суд, каб скарыстацца гэтай нагодай, падтрымаць дачку і ўбачыць яе, папрасіць спаткання", — кажа маці Вольгі Людміла Класкоўская.


"Ужо на першым паседжанні я пра сябе адзначыла, што Вольга выглядае добра, дагледжаная і, галоўнае, упэўненая. Яна адмовілася ўстаць пасля абвяшчэння паседжання, назваць сябе і адразу заявіла хадатайніцтва аб выдаленні яе з залы. Яна сказала, што гэты суд несправядлівы і беззаконны, і ёй тут няма чаго рабіць. Пасля нейкіх ваганняў суд пагадзіўся з яе заявай і Вольга з воклічам "Жыве Беларусь" пакінула пад канвоем залу суда. Паколькі я прыехала ў Брэст дзеля дачкі, заставацца без яе ўдзелу на паседжанні я не бычыла сэнсу, таму таксама выйшла на калідор", — кажа Людміла Класкоўская.
А на другі дзень апоўдні быў агучаны прыгавор.
"Вольга слухаля яго седзячы, а пасля абвяшчэння звярнулася да суддзі : "Як вам не сорамна! Гэты рэжым хутка рухне! Жыве Беларусь!".
А праз дзень мы змаглі з ёй убачыцца на кароткатэрміновым спатканні — першым амаль за год, як Вольга адбывае пакаранне ў ПК-4. У калоніі дачцэ не дазволілі ніводнай сустрэчы з роднымі людзьмі! За тое, што там былі ШІЗА і ПКТ, іншыя пакаранні для Вольгі.
Хоць і праз шкло, але я бачыла сваю дачку не панікшай і сумнай, а прыбранай і пазітыўнай. Адзначыла, што схуднела за гэты час на 12 кг. Яна і зараз папрасіла перадаць ёй касметыку і штосьці светлае з адзення, бо шэрыя колеры наганяюць смутак. А пакуль у СІЗА, хочацца апранаць больш светлае і выглядаць адпаведна"
.
Шмат пра якія навіны Вольга даведалася падчас свайго "тура па залатым коле Беларусі": новыя сустрэчы, новая інфармацыя, эмоцыі, бо ў Гомелі яна амаль зусім не ведала, што адбываецца на волі. Сустрэлася нават са знаёмымі па ранейшых этапах аднадумцамі.
"І я ўпэўнівалася, што няволя не гне гэтых смелых беларусаў, што яны, як кажуць, не сыпяць попел на галаву, а працягваюць верыць у агульную справу і  перамогу дабра", — перадае Людміла Класкоўская словы дачкі.
Між тым, сама Вольга зноў прасіла перадаць ёй ў СІЗА лекі.
"Мама, ПК-4 Гомеля адмаўляецца сюды дасылаць маю медычную картачку, — паведаміла Вольга. — Мне вельмі патрэбна кансультацыя неўролага, але тут, у СІЗА, няма маіх дыягназаў аб траўмах галавы падчас затрымання сілавікамі. Другі год — няспынныя болі галавы,скача ціск, падае зрок, у вачах — мутна..."
Па словах Людмілы, ёй удалося набыць і перадаць у Брэсце патрэбныя лекі, які прапісаў мясцовы лекар.
"Я цешуся, што гэты "калядны тур" Вольгі даў магчымасць убачыцца нам, пагутарыць і перадаць ёй віншаванні з яе Днём народзінаў, які ўжо другі раз 30 студзеня мая Воля будзе сустракаць у няволі, — адзначае спадарыня Людміла. — "Вялікае прывітанне і словы падзякі ўсім добрым людзям, што нас падтрымліваюць! — папрасіла на развітанне перадаць Вольга. — Сумую і вельмі цаню ўсё тое, што яны для нас робяць!"


Ад сябе яе маці дадае: з гэтага "каляднага тура" Вольга прывязе у ПК-4 Гомеля яшчэ дадатковыя 6 месяцаў зняволення. Адвакат будзе падаваць апеляцыю на прысуд Маскоўскага суда Брэста. Але, як кажа спадарыня Людміла, "мы гэта ўжо праходзілі".
У Вольгі Класкоўскай 30 студзеня дзень народзінаў. Вы можаце павіншаваць Вольгу і падтрымаць яе лістамі, паштоўкамі па адрасе: 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, СІЗА-7.