Вольга Севярынец: Да Паўла па-ранейшаму не пускаюць святара
«Па маіх падліках, муж павінен выйсці на волю 21 жніўня. Слаба верыцца, што выпусцяць раней», — кажа Вольга.
Вольга Севярынец, жонка палітвязня Паўла Севярынца, распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як яе мужу даводзіцца ў ізалятары.
Нагадаем, што Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня пасля акцыі ля Камароўскага рынку.
На наступны дзень ён быў асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але з таго часу на волю так і не выйшаў. Палітыка і за кратамі працягваюць судзіць, яму выпісваюць новыя “суткі”.
“Апошнім часам удалося перадаць некалькі перадач, — кажа Вольга. — У той жа час можна меркаваць, што Паўла трымаюць то ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, то ў ізалятары часовага ўтрымання. Пры гэтым праўду не кажуць ні там, ні там. У ЦІПе кажуць: “Севярынец — у ІЧУ”. У ІЧУ адказваюць: “Севярынец — у ЦІПе”.
У выніку ў ізалятары часовага ўтрымання прынялі перадачу, але сказалі, каб наступным разам неслі яе ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Здзекуюцца, адным словам!”
Па словах Вольгі Севярынец, адвакат таксама спрабавала патрапіць да Паўла.
“Спроба была, але навін ад адваката няма, — працягвае Вольга. — Гэта значыць, што наогул забаранілі наведваць Паўла, альбо проста не пусцілі.
Таксама мы хадайнічалі, каб мужу дазволілі сустрэцца са святаром, але пакуль што няма ніякага адказу. Мы хацелі, каб святар падтрымаў мужа ў такі складаны час, і ўвогуле Павел даўно не быў у царкве. Для яго гэта была б вялікая падтрымка, але святара, на жаль, не пускаюць”.
Па падліках Вольгі, яе муж павінен выйсці на волю 21 жніўня.
“Слаба верыцца, што выпусцяць раней, — мяркуе Вольга Севярынец. — 9 жніўня адбудуцца выбары, улады Беларусі не пойдуць на тое, каб актывісты ў гэты час былі на волі. Яны для іх небяспечныя.
Ды і некаторы час пасля выбараў людзі, магчыма, могуць выказваць незадавальненне іх вынікамі, таму, хутчэй за ўсё, Павел адсядзіць суткі па поўнай праграме. Натуральна, хацелася б бачыць мужа на волі як мага раней, але верагоднасць гэтага вельмі малая”.
Суразмоўца дадае таксама, што яе лісты не перадаюць Паўлу.
“Ведаю, што лісты іншых людзей даходзяць, а мае не прапускаюць, — кажа Вольга. — Таму я стала пісаць мужу лісты, якія падпісваю іншымі імёнамі і прозвішчамі. Па почырку Павел усё роўна даведаецца, што напісала менавіта я”.