Праваабаронцы назвалі колькасць затрыманых з пачатку перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі
Яны налічылі больш за 700 чалавек.
Гэтыя дадзеныя прыведзеныя ў штотыднёвай справаздачы Беларускага Хельсінкскага камітэта і пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Праваабаронцы заяўляюць, што ўлады працягваюць палітыку рэпрэсіяў супраць удзельнікаў мірных сходаў, блогераў і палітычных актывістаў. З пачатку кампаніі колькасць затрыманых склала не менш 703 чалавек, з якіх 129 былі арыштаваныя і 252 аштрафаваныя.
У краіне, паводле звестак праваабаронцаў, 24 палітвязні.
У справаздачы таксама ўказана, што ўмовы выбарчай кампаніі не адпавядаюць міжнародным стандартам сумленных, дэмакратычных выбараў, а адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, фактычна ўжо пачаў актыўную кампанію з выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама рэсурсаў выканаўчай «вертыкалі».
Праваабаронцы таксама атрымалі адказ ад ЦВК на свае прапановы па павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу, уключаючы працэдуру падліку галасоў. У Цэнтрвыбаркаме заявілі, што прапановы патрабуюць унясення зменаў у Выбарчы кодэкс.
Паводле Заўтра тваёй краіны