Выбаршчыкі Заслаўя напісалі антываенны зварот. Што адказала дэпутатка?
Выбаршчыкі Заслаўскай выбарчай акругі № 77 папрасілі сваю дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Валянціну Кудласевіч, каб яна паведаміла ў МУС і МЗС: жыхары яе акругі не падтрымліваюць узброены канфлікт ва Украіне.
— У звароце мы паказалі, што не падтрымліваем выкарыстанне нашай тэрыторыі для ваенных дзеянняў, а таксама задзейнічання беларускіх мужчын у канфлікце. У той жа час адзначылі, што мы за дыялог паміж Расіяй і Украінай за сталом перамоваў. Мы папрасілі дэпутата адправіць наш зварот у МУС і МЗС, каб яны запэўнілі — Беларусь, яе тэрыторыя і вайскоўцы не будуць задзейнічаныя ў канфлікце, — распавядалі выбаршчыкі блогу «Адлюстраванне» 26 лютага. Ліст падпісалі 28 чалавек.
Днямі яны атрымалі адказ. Дэпутатка паведаміла, што даваць указанні дзяржорганам і ўмешвацца ў іх дзейнасць — не ў яе паўнамоцтвах.
— З атрыманага адказу мы зразумелі: дэпутатка не збіраецца агучваць меркаванне жыхароў акругі ў іншыя ведамствы, таму што лічыць гэта «дачай указанняў» Міністэрствам, — кажуць выбаршчыкі. — Але мы не прасілі Валянціну Вацлаваўну даваць указанні. Мы толькі хацелі, каб яна перадала нашу пазіцыю ў міністэрствы. Выходзіць, дэпутатка не гатовая выконваць сваю галоўную функцыю — прадстаўляць нас у парламенце і дзяржорганах.
Па словах суразмоўцаў, у адказе дэпутатка таксама адзначыла, што Беларусь заўсёды выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны і робіць усё, каб сітуацыя вырашылася дыпламатычна.
— Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў запуск ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Атрымліваецца, Валянціна Вацлаваўна альбо заплюшчвае вочы на дадзеную сітуацыю, альбо лічыць ракетныя ўдары адным са спосабаў дыпламатычнага вырашэння канфлікту, — не хаваюць эмоцый суразмоўцы. — Мы хочам, каб улада не была адарваная ад меркавання народа, таму атрыманы адказ будзем абскарджваць.