З 2018 года атрымаць амерыканскую візу можна будзе ў Мінску

З 1 лістапада зніжаецца парог на атрыманне неміграцыйнай амерыканскай візы ў Мінску з 70 да 50 гадоў, паведамілі на прэс-канферэнцыі ў пасольстве ЗША ў Мінску.

Фота са старонкі пасольства ЗША ў Мінску

Фота са старонкі пасольства ЗША ў Мінску


«Напачатку 2018 года такая магчымасць [атрымаць візу ў Мінску], плануем, будзе ва ўсіх катэгорый», — запэўніў часовы павераны Роберт Райлі.
Па яго словах, спрашчэнне консульскіх працэдур выклікана [у тым ліку] тым, што па ініцыятыве расійскіх уладаў колькасць супрацоўнікаў візавага аддзела ў Маскве — дзе раней рабілі візы беларусы — скарочаная.
Райлі таксама падзякаваў Адміністрацыі прэзідэнта, ураду і МЗС за тое, што яны пайшлі насустрач прапанове амерыканцаў пашырыць консульскія паслугі ў Мінску.
Кажучы пра кантакты паміж беларускім і амерыканскім бокам, часовы павераны адзначыў «работу па ўмацаванні незалежнасці і суверэнітэту Беларусі».
«Так, нашыя адносіны паляпшаюцца да задавальнення абодвух бакоў, — сказаў Райлі. — Мы таксама будзем разглядаць пытанне павелічэння колькасці супрацоўнікаў амерыканскай амбасады. Зрэшты, летась ва ўсім свеце, ва ўсіх прадстаўніцтвах, беларусам было выдадзена 18 тысяч віз. І мы спадзяемся, што паступова зможам выдаваць гэтую колькасць у самой Беларусі».
Адзначым, што пытанне вяртання паслоў у Мінск і Вашынгтон бакамі пакуль не абмяркоўваецца.
***
Нагадаем, што ў сакавіку 2008 года пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпламатычны штат пасольства ЗША ў Беларусі — з 35 да 5. Мінск так адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтона, уведзеныя за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. У выніку беларусам, каб атрымаць візу ЗША, з 2008 года даводзілася звяртацца ў консульскія аддзелы Злучаных Штатаў у Маскве, Варшаве, Кіеве, Вільні.
Са жніўня 2014 года амерыканскае пасольства ў Мінску аднавіла выдачу візаў некаторым катэгорыям беларускіх грамадзянаў — студэнтам, удзельнікам праграм культурнага абмену, асобам, старэйшым за 70 гадоў. Візы ў Мінску таксама маглі атрымаць грамадзяне, у якіх раней ужо была амерыканская віза.
nn.by