Заснавальніцу музея ў Іўі, асуджаную да «хатняй хіміі», выклікаюць у СК

Нібыта ў якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе.

lavor.jpeg

Заснавальніцу і першага дырэктара Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавар, асуджаную на 2 гады «хатняй хіміі», выклікаюць у мясцовы аддзел СК у якасці сведкі па крымінальнай справе. Яна павінна з'явіцца туды 24 лютага. Па якой менавіта справе, невядома, паведамляюць праваабаронцы.

У верасні 2021 года Рэгіну Лавар прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» па артыкуле аб абразе прадстаўніка ўлады (Лавар напісала ў тэлеграме каментары ў адрас начальніка Іўеўскага РАУС і старэйшага інспектара). Жанчына пачала адбываць пакаранне 1 снежня. За месяц міліцыя праверыла яе 23 разы. Яна атрымала адну вымову за парушэнне рэжыму за тое, што прыйшла на прыём да старшыні райвыканкама. У Лавар быў пісьмовы дазвол на сустрэчу ад інспектара РАУС, але вымову ёй усё роўна далі. За парушэнне рэжыму «хатняй хіміі» яна атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Там яна трымала галадоўку.