З’явілася база тэлефонаў беларускіх вайскоўцаў. Можна набраць і спытаць, што яны думаюць пра вайну
Беларускія хакеры здабылі базу нумароў тэлефонаў вайскоўцаў УС Беларусі. «Б*лсат» паспрабаваў паразмаўляць з імі пра ўдзел Беларусі ў нападзе Расіі на Украіну.
Ад пачатку поўнамаштабнай атакі Расіі на Украіну з’яўляюцца чуткі, што беларускіх вайскоўцаў выправілі на ўкраінскія землі дапамагаць расіянам. Гэта сапраўды магчыма, і ўкраінскі Генеральны штаб сцвярджае, што беларускія дэсантнікі ўжо атрымалі загад. Але надзейных пацвярджэнняў пакуль няма.
Затое ёсць кантакты шматлікіх вайскоўцаў. Атрымаць нумар тэлефона і імя выпадковага беларускага вайскоўца можна праз Telegram-бот @NetVoineRobot. Пажадана рабіць гэта не з беларускага ці расійскага нумара: сілавікі без праблем могуць атрымаць пашпартныя звесткі ўладальніка беларускай або расійскай sim-карты.
Праверана: база выглядае сапраўднай, хай і не зусім актуальнай. Па некаторых нумарах людзі адказваюць, што іх зваць не так, часам відавочна не супадае пол суразмоўцы. Але мноства кантактаў — сапраўды дзеючых вайскоўцаў або тых, хто нядаўна звольніўся.
Большасць кідае слухаўку, пачуўшы пытанні ад «Б*лсата». Некаторыя адказваюць: «Мне это не интересно», «Я в этом не компетентна», «Я такие вещи по телефону не обсуждаю: не боюсь, просто не люблю», «Забудьте этот номер телефона, больше по нему не звоните».
Адзін вайсковец, які пагадзіўся паразмаўляць, спачатку казаў: «Я наогул за Беларусь, я нічога не ведаю». Але потым растлумачыў: «Ні з кім я ваяваць не збіраюся. Мне ўкраінцы падабаюцца, усе людзі падабаюцца. Ні з кім ваяваць не збіраюся, усё».
На пытанне пра тое, што будзе рабіць, калі яго ўсё ж адправяць ваяваць, адказвае: «Нікуды я не паеду. Калі накіруюць, не паеду ні з кім ваяваць!»
Яшчэ адзін вайсковец разважае: пытанне філасофскае, а ён яшчэ не можа цалкам асэнсаваць падзеі.
«Калі шчыра, вельмі непакоюся, — кажа ён. — Калі я даведаўся, думаў, гэта фэйкі ўсё. А як у навінах сталі паказваць… Ведаеце, напраўду не магу прыйсці ў сябе».
Ён прызнаецца: вельмі баіцца, што яго адправяць ваяваць ва Украіну, і нават не можа даць парады іншым на выпадак, калі іх выправяць.