З’явілася петыцыя з прапановай спыніць фінансаванне «СБ. Беларусь сегодня» з бюджэту
На платформе «Зручны горад» — petitions.by — з'явілася петыцыя з прапановай спыніць фінансаванне «СБ. Беларусь сегодня» з дзяржаўнага бюджэту. А грошы, якія атрымаецца зэканоміць, «перанакіраваць, напрыклад, на закупку вострадэфіцытных лекаў», неабходных народу Беларусі.
Аўтары петыцыі просяць выключыць газету «СБ. Беларусь сегодня» са спісу СМІ, якім будзе аказана фінансавая дапамога з рэспубліканскага бюджэту.
Адміністрацыя кіраўніка дзяржавы з’яўляецца заснавальнікам газеты «СБ. Беларусь сегодня». Адзначаецца, што Кіраванне справамі АП «вядзе паспяховы міжнародны бізнес і здольнае самастойна вырашаць задачы па фінансаванні выданняў», заснавальнікам якіх з’яўляецца.
«Калі ў Адміністрацыі не хапае сродкаў на падтрымку выдання, Кіраванне справамі прэзідэнта можа рэалізаваць аўтамабілі «Тэсла» і «Майбах», якія знаходзяцца ў яго на балансе, або выйсці са складу заснавальнікаў газеты «СБ. Беларусь сегодня», каб іншы заснавальнік фінансаваў выданне», — прапануюць аўтары звароту. А грошы, якія застануцца ў бюджэце, раяць выдаткаваць «на закупку вострадэфіцытных лекаў, па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, неабходных народу Беларусі».
Праз трыццаць дзён петыцыя будзе скіраваная у Саўмін.