З калоніі вяртаюць лісты да журналісткі Кацярыны Андрэевай (абноўлена)
Верагодна, палітзняволеную перавялі з калоніі ў СІЗА.
Паводле інфармацыі з сацыяльных сетак, многім людзям сталі вяртацца лісты з адзнакамі «ў калоніі ВК-4 не ўтрымліваецца». Верагодна, Кацярына Андрэева (Бахвалава) пераведзеная з калоніі ў СІЗА.
Пакуль невядома, па якой прычыне Кацярыну перавялі ў СІЗА: узмацненне жорсткасці рэжыму ці новы крымінальны артыкул.
Нагадаем, у лютым 2021-га суд Фрунзенскага раёна Мінска (суддзя Наталля Бугук) асудзіў журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 15 лістапада 2020 года ў доме на «Плошчы Перамен» у Мінску яны вялі стрым з разгону мірнай вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.
Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызналі. Яны прызнаныя палітзняволенымі.
UPD. Як паведамляюць медыя са спасылкай на мужа Кацярыны Андрэевай Ігара Ільяша, журналістку змясцілі ў гомельскае СІЗА для нейкіх «працэсуальных дзеянняў».