За абразу міліцыянта пакаралі 65-гадовага мінчука. Другі раз за два з паловай месяцы

У судзе Партызанскага раёна Мінска 10 верасня вынесены прысуд 65-гадоваму жыхару сталіцы Сяргею Барысёнку. Суд прызнаў яго вінаватым у абразе службовай асобы па арт. 369 Крымінальнага кодэксу РБ, паведамляе Вясна.

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў


Справу разглядала суддзя Наталля Дзядкова.
Пацярпелы ў суд не з’явіўся. Заявіў матэрыяльныя прэтэнзіі за маральныя пакуты ў памеры 1 000 рублёў.
Па матэрыялах следства 13 снежня 2020 года, абвінавачаны, скарыстаўшы сацыяльную сетку “Аднакласнікі”, у суполцы “Вусаты таракан” пакінуў паведамленне пад выявай старшага інспектара ДАІ Малахевіча М.Ю., у якім утрымліваліся негатыўныя зняважлівыя выказванні, кшталту “прыкарытная мярзота”.
Экспертыза палічыла гэты выраз за абразу.
Барысёнак цалкам прызнаў сваю віну. Аднак зазначыў, што каментар пакінуў таму, што ў краіне робіцца гвалт, а так быць не павінна.
Суд пастанавіў прызнаць асабісты ноўтбук Барысёнка рэчавым доказам і канфіскаваць.
Суд вынес наступнае пакаранне: абмежаванне волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў ва ўстанове адкрытага тыпу, з улікам раней вынесенага пакарання па гэтым артыкуле. Таксама абвінавачаны мусіць выплаціць матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 1 000 рублёў.
Нагадаем, што 1 ліпеня суд Партызанскага раёна горада Мінска ўжо пакараў Барысёнка па гэтым жа артыкуле і прысудзіў яму два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову – "хатняй хіміі". Пацярпелы па справе — участковы міліцыянт Міхаіл Жарыкаў.
Паводле абвінавачання, 9 снежня 2020 года Барысёнак пакінуў у адным з чатаў у "Аднакласніках" каментар "Мусорской хряк" пад паведамленнем з выявай малодшага лейтэнанта міліцыі Жарыкава.