За адстаўку міністра адукацыі Карпенкі падпісаліся больш за 1700 чалавек
Пад петыцыяй за адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі за двое сутак падпісалася больш за 1700 чалавек, паведамляе «Еўрарадыё».
![122906ba53900b39a6da35bfa43aca23.jpg 122906ba53900b39a6da35bfa43aca23.jpg](/img/v1/images/122906ba53900b39a6da35bfa43aca23.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аўтарам петыцыі стаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Накіраваць зварот мяркуецца ў Адміністрацыю прэзідэнта
У петыцыі гаворыцца, што Карпенка не справіўся сітуацыяй, якая ўзнікла ў выніку пандэміі каранавіруса:
— не здолеў арганізаваць дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і студэнтаў;
— не здолеў забяспечыць бяспеку школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў праз адмену альбо перанос заняткаў;
— нагрузка на настаўнікаў праз палітыку Мінадукацыі павялічылася ўдвая, бо ім даводзіцца займацца і са школьнікамі ў класах, і дыстанцыйна. Пры гэтым заробкі настаўнікаў засталіся на ранейшым ўзроўні;
— Мінадукацыі не мае дакладнай пазіцыі наконт арганізацыі адукацыйнага працэсу;
— паведамляецца, быццам Мінадукацыі не праверыла тэхнічныя магчымасці школьнікаў і студэнтаў для ўвядзення дыстанцыйнай адукацыі і не арганізавала выдачу патрэбнага абсталявання тым, хто мае ў гэтым патрэбу (планшэтаў). Таксама не было спробаў арганізаваць бясплатны інтэрнэт для настаўнікаў, выкладчыкаў і школьнікаў пры дыстанцыйнай адукацыі.
Дарэчы, гэта ўжо трэцяя петыцыя за адстаўку Карпенкі з пасады міністра адукацыі. У 2018 годзе аналагічную петыцыю падпісалі 845 чалавек, у 2019-м — 307.