За бел-чырвона-белы сцяжок затрымалі гродзенскага актывіста Міколу Лемяноўскага

Міліцыя працягвае паляванне на людзей за беларускую нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку, паведамляе «Гродзенская Вясна».

lemianouski.jpg

Міліцыя працягвае абсурднае і незаконнае паляванне на людзей за беларускую нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку. 8 красавіка позна ўвечары быў затрыманы вядомы грамадскі актывіст і прадпрымальнік Мікола Лемяноўскі. Ён знаходзіўся на працоўным месцы, калі яму патэлефанавалі міліцыянты і прапанавалі выйсці да машыны. Прычына — знаходжанне ў машыне Лемяноўскага «незарэгістраванай сімволікі» — бел-чырвона-белага сцяжка. Калі Лемяноўскі выйшаў да машыны, міліцыянтаў не было. Лемяноўскі вярнуўся на працоўнае месца, неўзабаве яму патэлефанавалі зноў міліцыянты і паведамілі, што вядзецца адміністрацыйны працэс за нібыта «адзіночны пікет». Лемяноўскі сказаў, што скончыць працу і прыедзе ў РАУС.
З РАУС Ленінскага раёна Мікола Лемяноўскі ўжо не выйшаў. Напэўна сёння адбудзецца адміністрацыйны суд. Калі адбудзецца працэс, невядома, але вельмі верагодна, што Лемяноўскі будзе засуджаны да адміністрацыйнага арышту.