Гісторык: Бел-чырвона-белы сцяг замацаваўся як нацыянальны ў Заходняй Беларусі

Бел-чырвона-белы сцяг падчас Другой сусветнай вайны выкарыстоўваўся пераважна на заходнебеларускіх землях як спадчына даваеннай традыцыі.

Сяляне ў Заходняй Беларусі (даваеннай паўночна-ўсходняй Рэспубліцы Польшча) далучаюцца да пракамуністычнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады пад бел-чырвона-белым сцягам. Малюнак Язэпа Горыда (часопіс Маланка», №13, 1926 г.).Commons.wikimedia.org/Elibrary.mab.lt/Public domain

Сяляне ў Заходняй Беларусі (даваеннай паўночна-ўсходняй Рэспубліцы Польшча) далучаюцца да пракамуністычнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады пад бел-чырвона-белым сцягам. Малюнак Язэпа Горыда (часопіс Маланка», №13, 1926 г.).Commons.wikimedia.org/Elibrary.mab.lt/Public domain

Бел-чырвона-белы сцяг аб’ядноўвае беларусаў з 1917 года. Многія эпізоды гісторыі сцяга застаюцца малавывучанымі.

На міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці», якая 1 красавіка была арганізавана кафедрай міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, з дакладам пра гісторыю бел-чырвона-белага сцяга выступіў доктар гісторыі Андрэй Катлярчук, выканаўчы дырэктар Цэнтра сучаснай гісторыі Універсітэта Сёдэрторн у Стакгольме (Швецыя).

Андрэй Катлярчук распавёў:

Улетку 1917 г. студэнт Петраградскага горнага інстытута Клаўдзій Дуж-Душэўскі распрацаваў праект нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга. Новы сцяг хутка заваяваў папулярнасць сярод салдат-беларусаў, палітыкаў і шырокага грамадства. Усебеларускі з’езд, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 г., працаваў пад бел-чырвона-белым сцягам, які тады лічыўся нацыянальным. Падчас з’езда побач з бел-чырвона-белым сцягам вісеў чырвоны сцяг — сімвал рэвалюцыі і Беларускай сацыялістычнай грамады.

У 1917–1918 гадах бел-чырвона-белы сцяг стаў адным з сімвалаў беларускага нацыянальнага руху, беларускай дзяржаўнасці, абвешчанай у 1918 годзе ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.

У даваеннай Польшчы, на тэрыторыі, населенай беларусамі, бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся рознымі палітычнымі партыямі, арганізацыямі. Сярод іх — Віленская беларуская гімназія, Беларускі студэнцкі саюз пры Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, Таварыства беларускай школы, Беларуская сялянска-работніцкая грамада і, перш за ўсё, партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

На той час бел-чырвона-белы сцяг аб’ядноўваў беларусаў Польшчы, Латвіі і Літвы розных палітычных перакананняў, — працягвае Андрэй Катлярчук. — Напрыклад, член Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі паэт Максім Танк напісаў у 1930 годзе верш «Ты чуеш, брат» з наступнымі радкамі:

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел‑чырвона‑белым

Чакае перамога нас.

 

Андрэй Катлярчук лічыць, што менавіта ў Заходняй Беларусі адбылося замацаванне бел-чырвона-белага сцяга як нацыянальнага. У перыяд нямецкай акупацыі беларускі нацыянальны сцяг выкарыстоўваўся перш за ўсё на заходнебеларускіх землях.

Андрэй Катлярчук адзначыў:

— Гэты сцяг выкарыстоўвала перш за ўсё цывільная адміністрацыя Генеральнай акругі «Беларусь», ядром якой былі заходнебеларускія землі. У 1941-1944 гг. бел-чырвоны сцяг не выкарыстоўваўся на значнай тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва Брэста, Пінска, Гродна, Беластока, Мазыра, Магілёва, Бабруйска, Гомеля, Віцебска і іншых гарадоў не маглі ўбачыць гэты сцяг у публічнай прасторы, бо гэтыя гарады і прылеглыя да іх землі знаходзіліся па-за межамі Генеральнай акругі «Беларусь». Сведчанняў аб выкарыстанні бел-чырвона-белага сцяга мясцовай дапаможнай паліцыяй няма. Вядома, што нацыянальны сцяг выкарыстоўваўся Беларускай краёвай абаронай. Аднак гэтае пранацысцкае паліцэйскае фарміраванне было створана ў лютым-чэрвені 1944 г., за лічаныя тыдні да адступлення вермахта з Беларусі і пасля фінальнага этапу Халакосту і генацыду цыганоў.

Андрэй Катлярчук прыводзіць прыклады выкарыстання нацыянальных сцягоў на тэрыторыі Беларусі пранямецкімі вайсковымі і іншымі фарміраваннямі:

— Дацкі добраахвотны корпус СС (Frikorps Danmark), вучэбная база якога знаходзілася ў Бабруйску, выкарыстоўваў сцяг Дацкага Каралеўства. Цяперашні Дзяржаўны сцяг РФ, які прысутнічае і на парадах у Дзень Перамогі, выкарыстоўваўся ў 1941-1944 гг. брыгадай СС РОНА («Русская освободительная народная армия»). Гэтае пранямецкае фарміраванне здзейсніла шэраг злачынстваў супраць мірнага насельніцтва Расіі, Беларусі, Польшчы і Славакіі. У чэрвені 1944 г. з дазволу нямецкіх улад рускі сцяг быў узняты на будынку мінскага Дома «Национал-социалистической трудовой партии России”» Дэлегаты з’езда «Союза русской молодёжи», які прайшоў у Мінску, сведчылі: «Впервые в столице Белоруссии развевается русский национальный трёхцветный флаг. Его подняла русская молодёжь, собравшаяся на слёт, чтобы выразить свою солидарность с солдатами и офицерами РОА (створанай немцамі “«Русской освободительной армии». — Заўв. рэд.)». Але нікому у сучаснай Даніі ці Расіі не прыходзіць ў галаву абвінаваціць сцяг «у супрацоўніцтве з акупантамі», як гэта робіцца сучаснымі беларускімі ўладамі. І тут Беларусь — выключэнне.

Пасля Другой сусветнай вайны бел-чырвона-белы сцяг аб’ядноўваў беларускіх эмігрантаў.

— Гэты сцяг аб’ядноўваў ветэранаў Другой сусветнай вайны — як салдат БКА, так і тых, хто ваяваў супраць нацыстаў у польскіх часцях брытанскай арміі і французскім руху Супраціўлення.

У 1980-я гады бел-чырвона-белы сцяг паціху выходзіў з падполля ў БССР.

У кастрычніку 1984 г. два бел-чырвона-белыя сцягі былі вывешаны на будынку Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава. Па справе, распачатай КДБ СССР, праходзілі шэсць навучэнцаў. Два з іх (Сяргей Харэўскі і Юры Макееў) былі выключаны з ВНУ. Беларускі нацыянальны сцяг у той час папулярызаваўся сябрамі першай няўрадавай маладзёжнай арганізацыі «Майстроўня». Бел-чырвона-белы сцяг лунаў на першай масавай апазіцыйнай дэманстрацыі ў БССР — падчас шэсця на Дзяды ў Курапаты ў 1988 г.

Бел-чырвона-белы сцяг у 1991-1995 гадах з’яўляўся Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і сімвалізаваў не толькі беларускую дзяржаўнасць, але і нацыянальнае адраджэнне беларусаў. Аднак Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў адмену дзяржаўнага статусу беларускага нацыянальнага сцяга, што адбылося ў выніку рэферэндуму ў маі 1995 года.

Андрэй Катлярчук:

Рэжым Лукашэнкі палітычна маргіналізаваў такія важныя прыкметы этнічнасці, як нацыянальная мова і гісторыя, абгрунтоўваючы свой палітычны праект ідэалізаваным міфам савецкага адзінства. Згадкі бел-чырвона-белага сцяга як «нацыяналістычнага» заўсёды суправаджаюцца негатыўнымі эпітэтамі. Дыскурс ачарнення нацыянальна сцяга зрабіўся мэйнстрымам у часы праўлення Лукашэнкі і дасягнуў свайго апагею пасля падзей жніўня 2020 г.

Віктар Корбут, www.polskieradio.pl