За два месяцы па справе экс-гітарыста «Ляпісаў» не прайшло ніводнага пасяджэння
Ужо два месяцы нічога не чуваць пра справу нябожчыка экс-гітарыста "Ляпіса Трубяцкога" і Trubetskoy Руслана Уладыкі. Апошняе пасяджэнне прайшло 20 студзеня. Падчас яго была прызначаная судова-медыцынская экспертыза, паведамляе «Еўрарадыё».
"У судзе паабяцалі, што калі
вынікі будуць гатовыя, мне вышлюць позву, і пасяджэнні адновяцца, — кажа
Еўрарадыё сястра музыкі Святлана Мірошкіна. — Я чакаю яе з дня на дзень. Думаю,
за столькі часу экспертызу ўжо можна было правесці. Але пакуль цішыня".
Гітарыста "залатога складу" "Ляпісаў" знайшлі збітым і без прытомнасці побач з барам на мінскай вуліцы Солтыса вечарам 6 ліпеня 2019 года. Ён правёў у коме 6 месяцаў. Дактары зрабілі некалькі аперацый, але выратаваць музыку не ўдалося. 19 студзеня, якраз напярэдадні запланаванага пасяджэння ў судзе, ён памёр.
"Вынікі экспертызы павінныя дапамагчы разабрацца, ад чаго канкрэтна памёр брат, — працягвае Святлана. — Там куча пытанняў: ці ёсць нейкія цялесныя пашкоджанні? Можа быць, яму далі нейкі прэпарат, і смерць наступіла праз гэта. Раптам яго наогул кінулі на зямлю... Спецыялісты павінныя дакладна ўстанавіць, што смерць надышла з прычыны цяжкай чэрапна-мазгавой траўмы, якая прывяла да поліарганнай недастатковасці".
Абвінавачаным па справе праходзіць 37-гадовы Сяргей Ш.
2 месяцы таму Святлана казала Еўрарадыё, што за смерць брата павінныя адказаць і іншыя людзі, якія былі ў кампаніі Сяргея. На яе думку, іх трэба расстраляць. Ці змянілася яе меркаванне?
"Я хачу, каб высветлілі праўду і прызначылі максімальны тэрмін", — кажа жанчына.
Руслан Уладыка быў пахаваны 21 студзеня 2020 года на могілках вёскі Абчак пад Мінскам.