Суд не задаволіў касацыйную скаргу Змітра Лупача

Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Суддзя Святлана Іванова пакінула ў сіле пастанову Шаркоўшчынскага суда. 24 лютага журналісту прысудзілі штраф памерам 40 базавых велічыняў за супрацу з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі.

sud_16.jpg

Паводле Змітра Лупача, у Віцебску суд доўжыўся, як звычайна, нядоўга. Яго касацыйную скаргу разглядалі другой, пасля касацыі блогера Алеся Круткіна.
— Разгледзелі літаральна за хвіліну, можа за дзве. У нас новаўводзіны ў судзе: ўжо адсунулі першы рад лавак далей ад суддзяў і калі ў суд заходзіш, каля рамкі стаіць сродак апрацоўваць рукі.
Зараз Змітру Лупачу прыйдзецца заплаціць дзяржаве яшчэ адзін штраф — 1080 беларускіх рублёў. Нагадаем, гэта ўжо другі штраф, прысуджаны журналісту сёлета за супрацу з тэлеканалам «Белсат». У студзені Пастаўскі суд пакараў журналіста штрафам у 42 базавыя велічыні.
Але журналіст-фрылансер вырашыў далей змагацца за свае правы і накіруе чарговую скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Таццяна Смоткіна,Беларускае Радыё Рацыя