За год ВНЖ ва Украіне атрымалі больш за 4 тысяч беларусаў

Сталы або часовы від на жыхарства ў Украіне за год атрымалі больш за 4 тысяч грамадзян Беларусі. Інфармацыю ад Дзяржаўнай міграцыйнай службы (ДМС) Украіны апублікаваў Беларускі крызісны цэнтр у Львове — грамадская арганізацыя, якая дапамагае беларусам, што вымушана пакінулі радзіму.

Беларусы на акцыі ў Львове. Фота: беларускі крызісны цэнтр у Львове

Беларусы на акцыі ў Львове. Фота: беларускі крызісны цэнтр у Львове


ДМС падала дадзеныя за перыяд з 1 жніўня 2020 года па 31 снежня 2021 года. За гэты час 3348 грамадзян Беларусі атрымалі часовы від на жыхарства ва Украіне і 811 — сталы (адзначым, частка тых, што атрымалі сталы ВНЖ, магла пражываць ва Украіне даўно). Яшчэ 509 беларусаў атрымалі дазвол на іміграцыю ва Украіну, піша REFORM.by.

Таксама для 572 грамадзян РБ быў падоўжаны дапушчальны тэрмін знаходжання ва Украіне (па змаўчанні ён цяпер складае для беларусаў 180 дзён напрацягу года, але яшчэ некалькі месяцаў таму складаў толькі 90 дзён).

Акрамя таго, за год 64 грамадзяніна Беларусі звярнуліся ў ДМС Украіны за атрыманнем статусу бежанца або дадатковай абароны дзяржавы.

Такім чынам, на працягу года са жніўня 2020-га ва Украіну афіцыйна перабраліся ад 4,5 да 5,3 тыс. беларусаў.