За пікет інваліда аштрафавалі на 20 базавых велічынь
Хворага 78-гадовага інваліда ІІ групы Барыса Бабка з райцэнтра Крупкі, Мінскай вобласці, аштрафавалі
на 4 млн. 200 тыс. руб. за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Такое рашэнне прыняла 15 чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыяй
Шабуня ў адсутнасці абвінавачанага.
31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды Барыс Бабок разам з іншымі актывістамі Грамадзянскай ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры браў удзел у пікеце супраць адпісак чыноўніцтва на звароты грамадзянаў.
16 мая прадстаўнікі праваахоўных органаў змусілі хворага пажылога чалавека прыехаць у сталіцу на суд, што не адбыўся. Пасля перанесенага стрэсу ветэран працыбыў шпіталізаваны, зараз працягвае лячэнне ў хатнім рэжыме і чакае чарговай шпіталізацыі.
Як паведаміў Бабрыс Бабок карэспандэнту НЧ, 14 чэрвеня ён атрымаў позву ў суд, пасля чаго патэлефанаваў сакратару суду пра тое, што не можа прыехаць у сталіцу па стане здароўя. Нягледзячы на такую інфармацыю, суддзя Вікторыя Шабуня правяла судовы працэс. Пенсіянер будзе абскарджваць рашэнне суду першай інстанцыі ў Мінскім гарадскім судзе.
Нагадаем, што інжынер-механік
Барыс Бабок шмат гадоў узначальваў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Крупскага
раёна, працаваў намеснікам старшыні Крупскага райвыканкама па будаўніцтве, за
сваю добрасумленную працу адзначаны ордэнам “Знак Пашаны” і Ганаровай граматай
Вярхоўнага Савета БССР.